Справа Гайдукова: Шпіён альбо палітвязень?

“Я думаю, што гэтая справа — стопрацэнтная правакацыя. Сына папярэджвалі неаднаразова. Прасілі спыніць дзейнасць. Прыходзілі ва ўніверсітэт і прасілі выгнаць, на завод прыходзілі”, расказвае Вольга Гайдукова, маці падазраванага ў “Здрадзе дзяржаве”.

121121_pilecki_gaidukov.mp3

Маці зразумець можна. Каму яшчэ, як не ёй, верыць у невінаватасць сына. Іншым складаней. Паводле афіцыйнай інфармацыі, была “спыненая супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які займаўся па заданні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару (…) грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы”. І гэта ўсё ў часы Skype i Gmail. Суцэльныя загадкі, карацей.

Тым больш, што сябры і паплечнікі Гайдукова ў адзін голас цвердзяць — не мог хлопец ведаць нечага сакрэтнага. Працаваў звычайным слесарам, тусаваўся з апазіцыянерамі. Вось і ўся “злачынная дзейнасць”.

Каб вырашыць, ці прызнаваць Гайдукова палітвязнем, праваабаронцы і апазіцыянеры нават арганізавалі круглы стол. Але скончыўся ён нічым. Адзін з арганізатараў, Дзяніс Садоўскі, расказвае, што інфармацыі як пра абвінавачванні, так і пра самога Гайдукова пакуль мала.

“Справа цмяная. Выведка, заклад тайніка… Безумоўна, гэта выклікае паралелі з 30-мі гадамі. Выглядае на тое, што гэта справа палітычная. Але фактаў пакуль вельмі мала, на жаль”.

Праваабаронцы пакуль не змаглі высветліць у паплечнікаў Гайдукова нават тое, чым канкрэтна займаецца “Саюз інтэлектуальнай моладзі”, дзе хлопец з’яўляецца намеснікам старшыні. А таму далі сябрам арганізацыі некалькі дзён на праясненне сітуацыі. Абяцаюць хутка прыняць рашэнне.

А пакуль Гайдукоў сядзіць у “амерыканцы”. Ён там з 8 лістапада. Са дня на дзень яму павінны выставіць афіцыйныя абвінавачанні. Альбо не выставіць — у КДБ бывае па-рознаму. Прыгадаем хаця б справу фатографа Сурапіна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі