Студэнт з Беларусі выйграў конкурс ААН і сустрэўся з Пан Гі Мунам

Конкурс ладзіўся ў межах аднайменнай кампаніі Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна

Удзел у ім бралі хлопцы ва ўзросце 18–25 гадоў. Яны мусілі падаць журы нанесеныя на футболкі дызайнерскія працы, прысвечаныя барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын. Удзельнікі прадстаўлялі пяць рэгіёнаў планеты: Паўночную Амерыку, Афрыку, Азію і Акіянію, Лацінскую Амерыку і Еўропу. Фёдар стаў лепшым еўрапейскім дызайнерам. Пра конкурс ён даведаўся зусім выпадкова.

Сіленкоў:Мне пра гэты конкурс распавяла мая дзяўчына. Яна дала мне спасылку на старонку з умовамі, я прачытаў і падумаў, што магу паўдзельнічаць і пазмагацца за перамогу. А даведаўся я пра конкурс толькі за два дні да сканчэння прыёма працаў”.

Дызайнерскія працы, якія прадстаўляліся на конкурс, мусілі адпавядаць пэўным вымаганням.

Сіленкоў:Асноўным патрабаваннем было - не адлюстроўваць гвалту на малюнку. Акрамя таго, любы надпіс на кашульцы павінны быў быць выкананы на адной з пяці афіцыйных моваў ААН”.

Пра тое, як выглядаў праект на ягонай кашульцы, гаворыць сам Фёдар Сіленкоў.

Сіленкоў: “Галоўнае, каб чалавек паглядзеў на гэтую працу і нешта адчуў. Я нанёс на кашульку выяву дзявочага твару, які складзены з аскепкаў шкла, а пад выявай па-ангельску напісаў “Спыніць гвалт у дачыненні да жанчын!” У маёй працы дызайн не самае галоўнае, галоўнае – данесці да людзей сэнс і паказаць ім сутнасць праблемы”.

 

Узнагародай для пераможцаў конкурса стала вандроўка ў Нью-Ёрк. Тут у штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Фёдар сустрэўся з Пан Гі Мунам. З рук генсека ААН беларус атрымаў узнагароду: шкляную статуэтку, на якой было выгравіравана ягонае імя. Вярнуўся Фёдар з Амерыкі некалькі дзён таму.

Сіленкоў: “Вандроўка атрымалася вельмі цікавай. Адзіны мінус у тым, што ў мяне было мала вольнага часу. Аднак удалося пабачыць такія рэчы, якія моцна ўразілі. На цырымоніі ўшаноўвання пераможцаў конкурса прамаўлялі людзі, якія прыводзілі прыклады гвалту ў дачыненні да жанчын у розных краінах, а таксама распавядалі пра дзейнасць розных арганізацый, якія бароняць правы жанчын. Выказаўся на гэты конт і Пан Гі Мун. Мяне ўразіла канкрэтыка і лаканічнасць ягоных думак”.

Як лічыць Фёдар Сіленкоў, у Беларусі зусім не развітая сацыяльная рэклама, якая і закліканая знаёміць людзей з асноўнымі праблемамі ў грамадстве. Так, у Беларусі таксама чыніцца гвалт над жанчынамі, але пра гэта нідзе не гаворыцца. Акрамя таго, у нашай краіне няма спрыяльных умоваў для маладых дызайнераў. Нягледзячы на гэта, пераможца конкурса ААН плануе новыя праекты, а таксама ўдзел у конкурсах, у тым ліку і міжнародных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі