Таямніца старобінскай “чупакабры” раскрыта?

Чуткі пра няўлоўную “чупакабру”, якая смокча кроў у курэй і свіней, застрашылі гарадскі пасёлак Старобін і разнесліся па ўсёй краіне.

Выпраўляемся туды, каб праверыць сенсацыйныя факты “генацыду” свойскай жывёлы.

Ля мясцовага лясгаса сустракаем дзвюх жанчын, якія са смакам апісваюць нам забойцу мясцовых курэй:

apisanne_chupakabry.mp3

“Людзі баяцца выйсці на двор. Мінулай ноччу зноўку залезла ў чатыры хлявы. Хто кажа: расамаха нейкая. Там адна жанчына ўключыла святло, выйшла, кажа: “Заднія ногі, як у цяляці, доўгія, пярэднія ― кароткія. Галава ― незразумела якая: ці то сабачая, ці то цялячая, ці то авечая”.

Выпраўляемся да хлявоў па вуліцы Касманаўтаў, дзе два тыдні таму здарылася масавая атака на жывёл. У Галіны Сушко таямнічы “забойца” знішчыў усю свойскую птушку.

Выгляд на хлявы па вуліцы Касманаўтаў

halina_kury.mp3

“Яно, выходзіць, у адной куры галавы няма. А астатнія са спіны падушаныя, ― апісвае жанчына метады, якімі расправіліся з курамі. ― Па ўсім тулаве дзюркі і менавіта кроў забраная. У мяне 11 штук, і 28 побач у суседкі маёй. А тыдзень таму там былі і куры, і качкі, і малюсенькія індыкі. Усё гэта 38 штук за адну ноч”.

Галіна Сушко паказвае на месца, дзе “забойца-крывасмок”, паводле яе слоў, ададраў дзве вялікія дошкі. Апроч гэтага, былі падкопы і невялікія дзюркі ў трухлявых сценах хлявоў.

Ацалеў пасля тае атакі толькі 120-кілаграмовы кабан Бора. Пра яго расказвае адна з мясцовых жанчын, якая сябруе з Наталляй, гаспадыняй ацалелага парсюка:

bora.mp3

“Вось такі вось вялізны кабан, ён маладзец, не даўся ім. Яго дралі, па целе ― здаровыя палосы. Я і кажу: “Малайчына, Борачка, не даўся ты ім!” Яго лечаць, выжывае”.

Галіна Сушко паказвае нам новыя штыхеты на дзвярах у хлеў. Старыя, па яе словах, выламалі і такім чынам трапілі да курэй у хляве

Гаспадыня Боры не дазволіла нам сфатаграфаваць свайго гадаванца. Кабан, згодна з яе словамі, перанёс страшэнны стрэс. У дзень нашага візіту да яго наведваўся ветэрынар і пасялковае начальства, аглядалі. Але хто пакрыўдзіў Бору, адказу не далі.

Як аказалася, напады на жывёл у Старобіне здараюцца з зімы мінулага года. А разышліся звесткі пра “чупакабру” пасля тэлефанаванняў на гарачую лінію журналістам.

Спыняючы выпадковых людзей, чую пра іх уласныя страты: у кагосьці таксама абяскровілі дзясяткі курэй, трусаў, а ў адной сям’і забілі чатырох невялікіх свіней.

На Маладзёжнай вуліцы побач са шматкватэрным домам стаяць хлявы, куды забойцы-крывасмокі таксама наведваліся не аднойчы. Ахвяры ― не толькі куры і трусы. 

sabaki.mp3

“Яшчэ два сабачкі задушыла, дзірачкі ў іх, выпіта кроў была. Потым праз тыдзень ля дрэваапрацоўчага камбіната задушыла вялікага сабаку”, ― распавядае мясцовая жыхарка Людміла. 

sila.mp3

“Дзверы былі выламаны. Такое ўражанне было, нібыта чалавечымі рукамі было выдрана ўсё”, ― падхоплівае яе сяброўка, паказваючы свой хлявок.

Прагрызеная металічная агароджа


Не кожная кура з вуліцы Маладзёжная ацалела

Жанчыны адправілі мяне на вуліцу Дрызгаловіча, дзе жыве спадарыня Людміла Міхайлава. Яна лічыць, што бачыла “забойцу” на ўласныя вочы:

“Гэта было ўначы, сабака брахаў і завываў трывожна. Ну, я паднялася. І ў суседа сабака брахала. Гэта было а 2-й гадзіны ночы 26 хвілін з панядзелка на аўторак дзявятага кастрычніка. Я выйшла са спальні і гляджу ў вакно. А ў нас дарога добра асветлена. Гляджу: шырокімі скачкамі нешта скача кшталту сабакі. Скачкі высокія былі. Я і падумала, што гэта мо якая рысь ці “чупакабра”, як кажуць. Скачкоў чатыры пабачыла. Раніцай у канцы нашай вуліцы яна ўжо падушыла курэй”.

Паводле расповядаў звычайных жыхароў Старобіна, складаецца ўражанне, што забітых курэй як мінімум сотні. Свіней, сабак і катоў ― дзясяткі. Бязглузда адмаўляць, што ў горадзе вострая праблема. Але хто атакуе жывёлу — незразумела.

У Старобінскім лясгасе Еўрарадыё паведамілі, што ўначы з чацвярга на пятніцу 12 кастрычніка ў месцах, дзе забівалі свойскую жывёлу, дзяжураць брыгады, сфармаваныя з міліцыянераў, супрацоўнікаў МНС і лясгаса.

Старобінскі лясгас

Тым не менш мясцовыя чыноўнікі інфармацыі не выдаюць, робяць выгляд, што праблемы няма і бэсцяць “хлуслівых” журналістаў.

chynounica.mp3

“Я інфармацыю даваць не буду. Я не хачу нават размаўляць на гэту тэму. Усё. Уся інфармацыя будзе выкладзена ў інтэрнэце”, ― павышаным тонам заяўляе старшыня Старобінскага сельвыканкама Галіна Аляксандрава.

Тушкі забітых жывёл накіроўваліся на абследаванне ў ветэрынарную клініку Салігорскага раёна. Галоўны ўрач установы Міхаіл Ткачык выказвае меркаванне, з-за каго гінуць куры.

veturach.mp3

“Куніцы, тхары… Гэта іх улюбёны аб’ект палявання. Усё ў нас добра, мы ўсе тут вызначыліся на месцы”.

Дацэнт кафедры заалогіі Дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Тамара Мядзведская рассмяялася, калі пачула пра “чупакабру”. Цікавімся ў спецыяліста, хто ж атакуе хатніх жывёл у Старобіне, высмоктваючы з іх кроў.

miadveckaja_1.mp3

Тамара Мядзведская: “Для сямейства куніцавых гэта характэрна. У прыватнасці тхор так робіць. Ім уласціва масавае забойства жывёл. Не адно забіць і з’есці, а менавіта масава. Калі прыйшлі сюды ― то ўсіх. І калі не з’есці, то альбо выпіць кроў, альбо скалечыць, альбо проста задушыць”.

Тлумачыць спецыяліст і верагодную прычыну, чаму ў Старобіне так шмат забітых жывёл.

miadveckaja_2.mp3

Тамара Мядзведская: “Выклікана гэта і моцным голадам, які здарыўся з-за недахопу харчавання ў перыяд накаплення на зіму. Можа мець месца масавае размнажэнне гэтых жывёлаў, калі адбіваецца недахоп харчавання, канкурэнцыя. Тады шукаюць харчаванне, дзе толькі магчыма. Не баяцца нават людзей і прыходзяць на іх падворкі”.

Такім чынам, спецыялісты сыходзяцца ў думцы, што “чупакабрай” аказаліся альбо тхары, альбо куніцы, альбо рысі (апошні варыянт найменш верагодны).

Дагэтуль ніводнага “крывасмока” не злавілі, таму на 100% канстатаваць, што з хатнімі жывёламі распраўляюцца ўзгаданыя “лясныя жыхары”, мы не можам.

У гэтай сітуацыі мясцовы святар Айцец Генадзь раіць звярнуцца па абарону да Усявышняга і не верыць у незямныя істоты кшталту “чупакабраў”. 

baciushka.mp3

Айцец Генадзь: “Трэба, натуральна, ж маліцца, прасіць у Бога дапамогі аб заступніцтве. У незямную істоту асабіста я не асабліва веру. З гэтымі частымі нападамі, зразумела, страх сярод народа распаўсюджваецца, але мне падаецца, што гэта зямная істота”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі