Ці паўплываюць змены ў Шэнгенскім пагадненні на беларусаў?

Мажлівыя змены ў шенгенскія пагадненні, за якія выступаюць шэраг краін Еўрасаюза, вандроўкі беларусам наўрад ці ўскладняць. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў палітолаг Алесь Лагвінец.

Алесь Лагвінец: "Размова ідзе пра магчымы кантроль на межах, каб спыніць плыні нелегальных мігрантаў. Шэнгенская віза дае права знаходзіцца на ўсёй тэрыторыі шэнгенскай прасторы. Не думаю, што беларусам гэта зробіць пэўныя ўскладненні".

26 красавіка французскі прэзідэнт Нікаля Сарказі і італьянскі прэм'ер-міністр Сільвіё Берлусконі выступілі з сумеснай дэкларацыяй, заклікаючы да вяртання памежнага кантролю ў краінах шэнгенскай прасторы ў выключных выпадках. Еўракамісія паведаміла, што вызначыць такія выключныя сітуацыі і прадставіць свае прапановы 4 траўня.

Францыя і Італія вымушана звярнуліся з прапановай унесці змены ў шэнгенскае пагадненне пад наплывам мігрантаў з Паўночнай Афрыкі. Апошнімі тыднямі Італія, куды прыбылі тысячы грамадзян Туніса і некаторых іншых афрыканскіх краін, вырашыла пачаць раздачу часовых відаў на жыхарства. Шмат якія мігранты выправіліся ў Францыю, якая зрэагавала закрыццём сваіх межаў.

Італію і Францыю ў іх памкненні мадыфікаваць шэнгенскія пагадненні ўжо падтрымалі Нямеччына, Галандыя, Грэцыя і Мальта. Паўднёваеўрапейскія краіны даўно скардзяцца, што астатняя Еўропа глухая да іх праблемаў з наплывам мігрантаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі