Ці падтрымліваюць пацярпелыя ад тэракту смяротнае пакаранне?

111124 Zybliuk Pakaranne.mp3

Пракурор запатрабаваў расстрэлу для абодвух абвінавачаных у тэракце Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. У інтэрнэце супраць смяротнага пакарання сабралі амаль 37 тысяч подпісаў. Асобна подпісы збірае і маці Кавалёва. У першы ж дзень суда над меркаванымі тэрарыстамі гучалі заклікі іх расстраляць. Еўрарадыё пацікавілася ў пацярпелых ад тэракту, ці падтрымліваюць яны пакаранне ў выглядзе выключнай меры?


"Я не хадзіла на суд, маральна было цяжка, таму я адмовілася, – кажа пацярпелая Галіна Казарына, якая падчас выбуху атрымала лёгкія пашкоджанні. – Сачыла праз газеты, тэлебачанне. Павінна быць смяротнае пакаранне. Я не згодна з тым, што людзей прымушаюць сядзець пажыццёва, гэта не пакаранне. Вы ведаеце, пабыўшы ў той сітуацыі, і пабачыўшы ўсё гэта на ўласныя вочы, я цалкам згодная з патрабаваннем смяротнага пакарання".

 
Вольга Казельская сачыла за судом па радыё і тэлебачанні. Яна мяркуе, што абвінавачаных варта пакараць пажыццёвым зняволеннем.
"Тое, што паказвалі па тэлебачанні і радыё, я чула. Інфармацыя была скупая, што па радыё, што па тэлебачанні. Вельмі так хутка прабегліся. Але мне падаецца, што хлопцы ўсё ж вінаватыя. Мне падаецца, для іх большым пакараннем было б пажыццёвае пакаранне. У турмах, дзе сядзяць пажыццёва, кашмарныя ўмовы. Можа, калі яны будуць усё жыццё пакутаваць, больш асэнсуюць сваю віну. Мае знаёмыя, якія там не былі, але збіралі інфармацыю з інтэрнэта і друку, лічаць, што, можа, гэта не яны зрабілі. Але я паглядзела на іх, на тое, што паказвалі, на тыя доказы, якія прыводзілі. Мне падаецца, што следства памыліцца не магло ў гэтым".

 
Пацярпелы асілак Вячаслаў Харанэка на судзе таксама не быў і за працэсам амаль не сачыў.
"Мяне запрашалі ў суд, але я адмовіўся, каб не ўздымаць гэтую муць. Бо калі я пачынаю ўзгадваць, у мяне ўсё гэта ўсплывае ў памяці. Першыя два дні працэсу я сачыў, потым не. А колькі іх ужо прайшло?"

 
Харанэка таксама лічыць, што лепшым пакараннем будзе пажыццёвае зняволенне.
"З аднаго боку, столькі людзей загінула, але маё меркаванне, што гора, якое прынеслі гэтыя хлопцы, расстрэл – гэта лёгкае пакаранне. Маё меркаванне, што ім трэба пажыццёвае даваць. Пакуль у нас не адмененае смяротнае пакаранне, то гэта ў праве суда вырашаць. Але калі маё меркаванне, то я за пажыццёвае. Інакш вельмі проста ўсё... Кулю ў патыліцу і ніякіх мучэнняў".

 
Меркаванне пацярпелай Людмілы Жачко было падобным. Раз вінаватыя, трэба караць сурова. Але ёй было цікава паглядзець на злачынцаў, таму яна прыйшла на суд і засталася прысутнічаць амаль на ўсіх пасяджэннях. Працэс, замест таго, каб яшчэ больш упэўніць яе ў вінаватасці Канавалава і Кавалёва, пакінуў шмат пытанняў.


"Ішла з поўнай упэўненасцю, што гэта менавіта тыя людзі. А па меры таго, як адвакаты прадстаўлялі абарону, а пракуроры абвінавачанне, меркаванне маё мянялася. Я лічу, што пракурорскія абвінавачанні былі прадстаўленыя вельмі слаба. Вельмі шмат несупадзенняў і нестыковак было. Гэта маё асабістае меркаванне. Да смяротнага пакарання я стаўлюся адмоўна. Хадзіла на суд, таму што выконвала свой уласны грамадзянскі абавязак. Мне было цікава, каму прыйшло да галавы ўзарваць мяне, мірнага грамадзяніна гэтай краіны".

 
Некаторыя з пацярпелых проста не захацелі выказваць сваё меркаванне і таксама гаварылі, што за судом не сочаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі