Тур: Праз 5 гадоў траціну ВУП будзе ствараць малы і сярэдні бізнес

У бліжэйшы год Беларусь павінна ўвайсці ў колькасць 30 краінаў з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу. А праз пяць год каля траціны ВУП краіны будзе даваць малы і сярэдні бізнес. Планамі па лібералізацыі эканомікі падзяліўся падчас прэс-канферэнцыі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.

У сферы падаткаабкладання сёння фактычна спыненая практыка ўжывання так званых абаротных падаткаў, адзначыў Андрэй Тур:

“…уключаючы збор у фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і мясцовы падатак з продажаў. Скасаваны таксама падатак на набыццё транспартных сродкаў і збор за паркоўку транспартных сродкаў”.

Паводле словаў намесніка міністра, зніжэнне падатковага цяжару дазволіць пакінуць у распараджэнні суб’ектаў гаспадарання каля 800 мільярдаў рублёў.

Са студзеня 2011 года набудзе моц указ №450. У адпаведнасці з ім будзе адмененае ліцэнзаванне 16 відаў дзейнасці, нагадаў пра лібералізацыю ў гэтай сферы Андрэй Тур:

“Такім чынам, колькасць ліцэнзаваных відаў дзейнасці скароціцца на 32%”.

Як паведаміў эканаміст, да канца 2015 года каля траціны ВУП Беларусі павінен даваць малы і сярэдні бізнес:

“Мы ставім задачу да канца 2015 года мець траціну ў ВУП ад малога і сярэдняга бізнесу. Мы плануем падвысіць іх прыбыткі і заробак, настроіць суб’екты гаспадарання вырабляць як мага больш дадатковай вартасці. Калі гэта атрымаецца, мы да канца пяцігодкі выйдзем на 50 тысяч долараў на аднаго занятага ў вытворчасці. І калі малы бізнес даможацца гэтага без павелічэння сваёй долі — гэта будзе вельмі добра”.

Усе гэтыя захады, згодна са словамі намміністра эканомікі, мусяць паспрыяць таму, каб цягам бліжэйшага году Беларусь увайшла ў колькасць 30 краінаў з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу:

“Гэта дазволіць забяспечыць рэйтынг Рэспублікі Беларусь у справаздачы Сусветнага банку вядзення бізнесу не ніжэй за 30 пазіцыю”.

Распавёўшы пра планы па лібералізацыі эканомікі Беларусі, спадар Тур даў ацэнку і эканамічнай праграме прэтэндэнта ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Ён назваў яе экстрэмісцкай і маларэалістычнай:

 “Як і кожная праграма, яна мае свае станоўчыя бакі і недахопы. Па вельмі вялікай колькасці прапаноў — гэта тыя рэчы, якія закладзеныя і ў праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2015 года. То бок яны нібыта ідэнтычныя.

Але Раманчук з’яўляецца прыхільнікам выключна ліберальнага тыпу эканомікі, дзе дзяржава не прысутнічае амаль нідзе і ні ў чым. Дзяржава — гэта каласальны тормаз, які перашкаджае развіццю. Вось як раз гэты момант мы падтрымаць не можам. Праграма Раманчука ў пэўнай ступені носіць экстрэмісцкі характар. Яна маларэалістычная”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі