У фільме пра Радзівілаў спецыялісты знайшлі 40 недакладнасцяў!

Ніна Скеп’ян – кандыдат гістарычных навук, выкладчыца Карлавага ўніверсітэта (Прага) здымалася ў фільме ў якасці эксперта. Аднак спадарыня Ніна кажа, што ні сцэнара ў цэлым, ні фільма да прэм’еры яна не бачыла – таму здзівілася шматлікім ляпам у выніковай версіі. Адзначае спадарыня Ніна і адсутнасць канцэптуальнасці ды агульнага стылю выкладання матэрыялу.

Ніна Скеп’ян: “Я не разумею, чаму пра выбітных прадстаўнікоў роду сказана пару словаў ці яны ўвогуле не згадваюцца а пра вар’ятаў і дзівакоў распавядаецца так падрабязна?..”

Глеб Лабадзенка — арганізатар першага пасля доўгага перапынку прыезду Радзівілаў у Беларусь у 2009 годзе. Апроч таго, спадар Лабадзенка шчыльна даследуе апошні, даваенны перыяд гісторыі роду, сабраў каля 600 радзівілаўскіх здымкаў. Спадар Глеб таксама адзначыў, што некаторыя рэчы здзівілі яго ўжо ў пачатку першай серыі.

Глеб Лабадзенка: “На трэцяй хвіліне ідзе фраза: “Але асабліва ім перад простым людам нос задзіраць не трэба…” Для чаго гэта? Каб паказаць, што Радзівілы дарма нос задзіралі? Каб зняважыць іх? Потым паказваюць сённяшніх Радзівілаў і голас за кадрам кажа: “…працягваюць называць сябе князямі Свяшчэннай Рымскай імперыі якой, праўда, няма з часоў Напалеона” Падкалолі? Дурнямі Радзівілаў паказалі? Ніхто з іх за 4 гады на маёй памяці так сябе не назваў. Дык навошта гэтае прыніжэнне, гэтыя падколкі?”

Глеб Лабадзенка суправаджае Эльжбету Радзівіл у часе ўсіх падарожжаў па Беларусі цягам апошніх 4 гадоў. 

Ніна Скеп’ян мяркуе, што аўтары фільма проста вырашылі абыйсціся без дапамогі гісторыкаў у складанні сцэнару і пры мантажы фільма. Бо любы дасведчаны гісторык змог бы вылавіць большасць гэтых ляпаў.

Ніна Скеп’ян: “Відавочна, што гістарычнага кансультанта ў фільме проста не было. Як яшчэ патлумачыць усе гэтыя неверагодныя ляпы? Паказваюць Радзівіла Чорнага, кажуць пра Барадатага. Пераблыталі двух Геранімаў… (Чамусьці бацькам Дамініка (1786-1813) стаў Геранім Фларыян (1717-1760), а не Геранім Вінценцій (1759-1786) Сказалі, што Слуцк не належаў Радзівілам, а мануфактуру для слуцкіх паясоў яны наймалі… Якое глупства! Слуцк належаў Радзівілам! І якраз у іх гэтую мануфактуру пазней арандаваў сам Маджарскі!”

У Лабадзенкі свая версія такой блытаніны.

 

Глеб Лабадзенка: “У ролі гістарычнага кансультанта яўна выступаў Google. Бо гавораць пра Пане Каханку, а паказваюць іншага Караля Станіслава Радзівіла  ягонага дзеда! Вось жа незадача, што іх аднолькава звалі, дзе ж ты разбярэшся! І абсурд у тым, што за хвіліну да гэтага паказвалі сапраўдны партрэт Пане Каханку. То бок, яны нават не бачаць, што гэта дзве розныя асобы!”

 

Спадарыня Ніна кажа, што многія з заўважаных памылак у фільме ніколі не кінуцца ў вочы недасведчанаму гледачу — на гэта, бадай, і быў разлік аўтараў.

Ніна Скеп’ян: “Ідэя пра стварэнне фільма была трапнай, але шкада, што анонс не адпавядае рэчаіснасці. Замест “адказаў на загадкавыя пытанні легенды роду” стварыліся новыя. Акрамя таго, была паказана гісторыя толькі Нясвіжскай ардынацыі, а астатнія галіны апынуліся ў цені. Хочацца, каб да сваёй гісторыі ставіліся з большай пашанай і адказнасцю”.

На просьбу Еўрарадыё спецыялісты супольна перагледзелі фільмы яшчэ раз і, каб не быць галаслоўнымі, склалі спіс недакладнасцяў і спрэчных момантаў проста па секундах, пракаментаваўшы кожнае такое месца.

Частка 1

02:20 “Але асабліва ім перад простым людам нос задзіраць не трэба…”. Каментар: “У дачыненні да рода з 600-гадовай гісторыяй, які даў столькі слаўных асобаў, такі выраз проста хамскі і недапушчальны”.

03:05 “Радзівіл было такое ж распаўсюджанае імя, як сёння Ваня ці Пеця”. Каментар: “Гэта няпраўда, імя Радзівіл не было распаўсюджаным у той час”.

05:44 “Кожнаму Мікалаю давалі псеўданім вось адкуль пайшлі гэтыя Сіроткі і Пане Каханку…” Каментар: “Пане Каханку звалі Караль Станіслаў!”

05:57 “Самы першы Мікалай меў 2 мянушкі Мафусаіл (пачынальнік роду) і Стары, бо пражыў роўна 111 гадоў” Каментар: “Гэта легенда, паводле больш рэальных звестак, ён пражыў каля 69 гадоў. А ў фільме лічба 111 падаецца на поўным сур’ёзе”.

Падчас усіх субтытраў, дзе прадстаўляюць асобаў, радзівілаўскі арол выкручаны навыварат глядзіць направа, хоць у арыгінале ён заўсёды павернуты выключна налева! Як, напрыклад, тут:


09:10 “Працягваюць называць сябе князямі Свяшчэннай Рымскай імперыі якой, праўда, няма з часоў Напалеона”. Каментар: “Не называюць яны сябе так цяпер, навошта перадзёргіваць? Да таго ж, тытул “князь” ніхто ў іх не забіраў і яны маюць поўнае права ім карыстацца”.

10:42 “З Барбарай звязана і адна з галоўных легенд роду Радзівілаў Чорная панна Нясвіжа не хто іншая, як Барбара, каралева Польская” Каментар: “Барбара як Чорная панна — гэта легенда ўжо савецкага часу. Самі Радзівілы называюць Чорнай паннай Ганну Катажыну з Сангушкаў, маму Рыбанькі”.

12:34 Каментар Мацея Радзівіла пра Чорную панну. Каментар: “Ён кажа насамрэч пра Ганну Катажыну, а зрабілі так, нібыта пра Барбару. Гэта маніпуляцыя”.

12:40 “Гісторыкі звярталіся па каментар нават да 90-гадовай Альжбеты…” Каментар: “У кастрычніку 2012 Эльжбеце Радзівіл споўнілася 95 гадоў”.

13:09 “Яна не мела права як жаночы нашчадак атрымаць нічога, апроч грошай…” Каментар: “Тут і раней Эльжбету Радзівіл зрабілі фактычна “левай”. Нібыта яна на нешта там прэтэндуе, хоць і не мае права. Сама пані Эльжбета ніколі не казала, што нешта тут належыць асабіста ёй, але паўтарала, што ўсё гэта “належыць Радзівілам”.

13:15 “Хаця чамусьці яе падавалі як прадстаўніцу апошняга ўладальніка…” Каментар: “Эльжбета Радзівіл — дачка перадапошняга нясвіжскага ардыната Альбрэхта. Так яе і “падавалі” падчас прыездаў у Беларусь. Навошта штучна ляпіць з яе “дзяцей лейтэнанта Шміта”?..

16:12 Кажуць, што Нясвіж атрымаў Радзівіл “Барадаты”, а паказваюць партрэт Мікалая Радзівіла “Чорнага”!


17:50 “Дасталася Мікалаю Кшыштафу Радзівілу Сіротцы…” Каментар: “Тут чыста моўная заўвага. Ён што, быў жанчынай? Правільна сказаць: Сіротку!”

23:45 “Адна труна пустая, з’яўляецца рытуальным цырыманіяльным саркафагам…” Каментар: “У крыпце сапраўды маецца такая труна. Але ж калі пра гэта гавораць у фільме, то паказваюць труну… Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі!..”

Частка 2

06:35 “28-гадовай Канстанцыі Радзівіл, жонкі расійскага палкоўніка Чудоўскага” Каментар: “Калі Канстанцыя выходзіла замуж, Чудоўскі, верагодна, быў ужо генералам. Бо ўва ўсіх гістарычных крыніцах Канстанцыя праходзіць менавіта як “жонка генерала Чудоўскага”. 

07:10 “Сяргей Друсчыц”. Каментар: “Цягам усіх трох фільмаў “перахрысцілі” нават кіраўніка рэстаўрацыі, прозвішча якога па-беларуску пішацца “Друшчыц”.

08:58 “Іх з дзяцінства рыхтуюць да ваеннай кар’еры, праўда, за мяжой. І вось вам вынік еўрапейскай адукацыі адарваныя ад радзімы. Наўрад ці іх можна назваць элітай, скончы яны хоць Оксфард. Прадстаўнікі лініі ў ВКЛ з-за складаных палітычных адносін аказаліся за бортам: без пасады, пазбаўлены кар’еры, пераходзяць у апазіцыю. Вось і ўвесь патрыятызм”. Каментар: “Непрыхаваная знявага ў дачыненні да слаўных гістарычных асобаў! Ці не для таго, каб паказаць, што ў апазіцыі “адныя здраднікі і адмарозкі”?..

10:57 “На нясвіжскай ардынацыі ён быў рэкордны тэрмін, ажно 38 гадоў”. Каментар: “Тэрмін і сапраўды быў рэкордны, але яшчэ большы — ажно 43 гады, ад 1719 па 1762”.

13:03 “Рыбанька аднаўляе касцёл, будуе Слуцкую браму”. Каментар: “Слуцкая брама была збудаваная за 12 гадоў да нараджэння Рыбанькі, у 1690 годзе — гэтая дата найчасцей называецца ў спецыялізаванай літаратуры”.

17.26 “Слуцк не належаў Радзівілам”. Каментар: “Слуцк належаў Радзівілам! Заснаваная мануфактура ў 1760-х Рыбанькам сапраўды была пераведзена з Нясвіжа, але арандатарам быў Маджарскі, а не Радзівілы, як гаворыцца ў фільме!”

17:33 Гавораць пра Пане Каханку, а паказваюць партрэт дзеда пане Каханку

Караля Станіслава Радзівіла, які быў ардынатам ў 1689-1719 гадах. Яўна загуглілі, бо іх імёны супадаюць!


17:45 Зноў тое самае

17:59 Трэці раз тое самае

20:42 Чацвёрты раз тое самае

20.58 “...адпісаў усё пляменніку Дамініку, сыну таго самага Гераніма”, аматара тэатра, пры якім “забівалі актораў прама на сцэне". Каментар: “Бацька Дамініка быў Геранім Вінцэнт, а “забіваў актораў” Геранім Фларыян і, дарэчы, дзяцей не меў і яго маёнткі перайшлі да Рыбанькі”.

Частка 3

03:54 “І ў замак прыйшлі навукоўцы-рэстаўратары”. Каментар: “Адметна, што на гэтых словах паказваюць замак з цалкам знішчанай усходняй трохпавярховай галерэяй, пад якой “быў торф і яна ўвесь час прасядала”.

07:20 Кажуць аб Луізе Гогенцолерн (1770-1836), паказваюць партрэт Фрыдэрыкі Луізы Гогенцолерн (1714-1784)!


08:23 Марцін Радзівіл называецца братам Гераніма, хоць ён траюрадны брат!

12:50 “Рэстаўратары сутыкнуліся з працаю тагачасных халтуршчыкаў”. Каментар: “Выходзіць, што замак прастаяў столькі гадоў, нягледзячы на тое, што рабілі “халтуршчыкі”?..”

21:50 “Чыноўнік польскай чыгункі хацеў прайсціся па пакоях…” Каментар: “На той момант пан Мацей быў, хіба, выкладчыкам філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта. “Чыноўнікам польскай чыгункі” ён стаў значна пазней”.

22:03 “Яго запросяць на адкрыццё палаца, якому ён аказваў маральную і дакументальную падтрымку”. Каментар: “Хутка ж яны забыліся, што на змену няправільнай вежы замка пан Мацей ахвяраваў 1500 долараў”.

23:52 Кажуць пра Станіслава Радзівіла, паказваюць фота Януша Радзівіла!


"НАШЫ. Альжбета Радзівіл"

“Альжбета гэта ўсё-ткі беларускае імя, княгіню ж зваць Эльжбета. Калі мы прымушаем расіян пісаць “Якуб КолАс”, то чаму самі перайначваем замежнае імя на свой лад?..”

03:16 “Унукі, сыны са сваімі жонкамі”. Каментар: “Разам з Эльжбетай Радзівіл прыязджаў толькі адзін яе сын — Альбрэхт, і тое без жонкі”. 

04:36 “Гэта быў вельмі брыдкі, брудны горад, а зараз ён расквітнеў”. Каментар: “Гэта брыдкая маніпуляцыя! Гэтую фразу Эльжбета Радзівіл сапраўды вымавіла каля Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук у траўні 2009 года. Але тычылася яна Мінска “узору 1993 года”, калі пані Эльжбета была тут на запрашэнне Адама Мальдзіса! У фільме ж зляпілі, нібыта пані кажа гэта пра Нясвіж — хоць яна ніколі не сказала кепскага слова на свой родны горад”.

04:52 “Яна англічанка, Дораці Паркер”. Каментар: “Маці пані Эльжбеты звалі Дарота (Дораці) Дыкен, і яна была амерыканкай, а не англічанкай (проста жыла ў Лондане ў той час). Паводле сведчанняў пані Эльжбеты, продкі яе мамы сапраўды мелі прозвішча Паркер, і яна сама нават спрабавала ўзяць сабе падвойнае, але ж не мела на тое фармальнага права”.

05:44 Эльжбеце ў вусны ўкладаюць, што Чорная панна гэта Барбара Радзівіл, хоць яна сама лічыць Чорнай паннай Ганну Катажыну.

05:48 “Апошні раз я была ў Нясвіжы ў 1935, мне было 17”. Каментар: “Апошні раз пані Эльжбета была ў Нясвіжы ў студзені 1936 года, на пахаванні свайго бацькі, ёй было тады18 гадоў. Дарэчы, раней у гэтым фільме дата пахавання ўжо называлася”.

08:10 “Адзін падземны ход я падказала, хаця ў ім ніколі не была”. Каментар: “Страшная каша і блытаніна. Пра той ход, што знайшлі, пані Эльжбета не ведала і, адпаведна, не была ў ім. А той, у якім яна была і паказала, дзе быў уваход, яшчэ не знайшлі! Карацей, усе наадварот!”

09:35 “А вось мая бабуля Аляксандра Браніцкая”. Каментар: “Бабулю звалі Марыя Ружа Браніцкая! Аляксандра Браніцкая — гэта яе прапрапрабубуля!!! Фактычна, ёй у вусны ўклалі, нібыта яна не памятае, як звалі яе бабку!”

10:09 “Гэта найпаскуднейшая карціна, якая толькі існуе”. Каментар: “Яшчэ адна брыдкая маніпуляцыя словамі пані Эльжбеты! Яна казала ў музеі так пра партрэт бабкі, бо ён намаляваны з вельмі няўдалай фатаграфіі. А выйшла, што яна ганіць партрэт бацькі!”

11:03 “Спісана з той, што знаходзілася ва ўязной браме яе таксама замовіў Радзівіл, толькі Сіротка”. Каментар: “Страшная блытаніна. Бо пра абраз сапраўды ёсць паданне, што ён спісаны з абраза са Слуцкай брамы, якая была збудаваная праз 74 гады пасля смерці Сіроткі. Але ж гэта толькі паданне, бо вядома, што ў Слуцкай браме быў іншы абраз”.

11:33 “Замянілі класічную рускую вежу на гатычны родны стыль”. Каментар: “Калі какошнік на вежы яшчэ можна абазваць “класічным рускім  стылем”, то назваць барочную вежу “гатычным родным стылем” —  гэта проста абсурд. Да таго ж, якая готыка ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя?!”

12:10 “Радзівілы ніколі нас, жанчын, не бралі з сабой на паляванне”. Каментар: “Гэта проста хлусня, бо ёсць дзясяткі здымкаў, дзе жанчыны прысутнічаюць на паляванні, у тым ліку шматкроць — і сама пані Эльжбета”.

Эльжбета Радзівіл (крайняя справа) з бацькам Альбрэхтам (крайні злева) на паляванні

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі