У Літве пройдзе другі Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

Арганізатарам кангрэсу з’яўляецца Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Яго кіраўнік Андрэй Казакевіч бачыць асноўнай задачай мерапрыемства пераадоленне камунікатыўнай ізаляцыі памiж навукоўцамi краіны.

"Правядзенне такіх кангрэсаў на рэгулярнай аснове мне падаецца вельмі істотным для камунікацыі. Для павышэння ўзроўню акадэмічнай супольнасці, для рэалізацыі розных ідэй, праектаў, а таксама перадолення ізаляцыі. Бо Беларусь знаходзіцца ў пэўнай ізаляцыі — яна выключаная з розных еўрапейскіх праграм, нават з Балонскага працэсу. Гэта насамрэч значныя абмежаванні магчымасцяў навукоўцаў камунікаваць з калегамі за мяжой. Для вырашэння ўсіх гэтых праблем існаванне пляцовак, дзе можна прадставіць свае даследаванні і даведацца пра даследаванні іншых, — гэта, канечне, важна", — адзначае Казакевіч.

Летась у Кангрэсе ўдзельнічалі каля 200 даследчыкаў. Сёлета іх колькасць павялічылася ўдвая, бо арганізатары прапанавалі шмат новых секцыяў, адзначае удзельніца Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая.

Ірына Дубянецкая: "Перамысліванне Беларусі — гэта асэнсаванне таго, што Беларусь ёсць як інтэлектуальная цэласнаць, што яна можа даць свету і што свет можа даць Беларусі, як Беларусь можа быць упісаная ў Сусвет. Гэта заганная ідэя — даганяць кагосьці. Трэба не даганяць, а прапаноўваць тое, што яшчэ не прапаноўвалася ў свеце. Гэта наша задача. У ўдзельнікаў кангрэсу вялікі інтэлектуальны патэнцыял".

З нагоды правядзення кангрэсу ў Коўне выказаўся і айцец Аляксандр Надсан. Ён спачувае, што даследчыкі Беларусі не могуць сустрэцца ў самой Беларусі. І кажа пра неабходнасць узмацніць беларускую самасвядомасць.

Аляксандр Надсан: "Перадусім для нас, беларусаў, важна даведацца больш пра Беларусь. Бо большасць беларусаў нічога не ведае пра сваю краіну — ні пра яе гісторыю, ні пра яе культуру. Іх цікавіць чужое, а пра сваё забываюць".

Акрамя палітычных, эканамічных і гістарычных тэмаў, сёлета ўдзельнікі Кангрэса абмяркуюць яшчэ беларускае мастацтва, гендэрныя пытанні і беларускае кіно. Сярод іншых кангрэс наведаюць даследчыкі Беларусі з Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі і Бельгіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі