"Справа Порш Каена": зачыталі характарыстыкі на школьніка і кіроўцу

Другі дзень суда над кіроўцам Андрэем Забабурам, які, паводле версіі следства, смяротна траўмаваў дзевяцігадовага Уладзя Грудзева на тэрыторыі школы нумар 23, зноў прынёс нечаканасці. Адвакат Забабуры запрасіў у залу пасяджэнняў эксперта, які паставіў пад сумнеў вынікі афіцыйных экспертыз і следчых эксперыментаў.

Эксперт Аляксандр Канапліцкі на пачатку нагадаў, што ўся справа збудаваная вакол парушэння правілаў дарожнага руху.

“У дадзенай сітуацыі, наколькі я разумею, следства адбывалася ў межах крымінальнага артыкула 317. Ён ніяк не закранае будаўнічыя нормы і правілы… 317 артыкул крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ў сувязі з парушэннямі правілаў дарожнага руху”.

А потым зачытаў урывак з гэтых самых правілаў, дзе чорным па белым напісана — “сапраўдныя на дарогах Рэспублікі Беларусь”. А так, як нават паводле матэрыялаў справы, трагедыя адбылася на “прылеглай тэрыторыі”, Забабура фармальна нічога не парушаў.

Эксперт таксама выказаў недавер да формы правядзення следчых эксперыментаў. Найбольшыя пытанні ў яго выклікала тое, што час рэакцыі кіроўцы адсочваўся тады, калі ля машыны знаходзіўся нерухомы хлопчык. А паводле сведак, школьнік перад тым, як трапіць пад аўтамабіль, бег за сваім аднакласнікам. Эксперт Канапліцкі сцвярджае, што ў гэтым выпадку кіроўца фізічна не мог своечасова адрэагаваць і спыніць аўтамабіль.

Родныя загінулага хлопчыка тым часам адмоўчваюцца. Усе спробы паразмаўляць з імі, альбо хаця б даведацца пра уражанні ад працэсу, заканчваюцца нічым.

“Нічога не чакаем… Пакуль нічога мы не чакаем ад суда. Я нічога не ведаю, і нічога вам сказаць я не магу”, — адказвае бабуля вучня.

Магчыма, што такая нешматслоўнасць выкліканая не столькі выказваннямі эксперта і адваката Забабуры, колькі устаноўкай адваката саміх пацярпелых. Яны пакуль не вызначыліся са сваімі патрабаваннямі ў адрас абвінавачанага. Таму і стараюцца не сказаць лішняга журналістам.

Онлайн з залі суда.

16.40 Зачыталі характарыстыкі на школьніка і кіроўцу

Сваякі Уладзіка Груддзева заявілі, што выступяць у судовых спрэчках.

На судзе зачыталі характарыстыку загінулага хлопчыка са школы і секцыі таэквандо: "Быў актыўным, не выказваў жорсткасці, паказваў высокія вынікі, добра развіты, вучыўся старанна, прыязны, таварыскі, выхаваны, не прапускаў заняткі без паважлівай прычыны, было шмат сяброў, меў ахайны выгляд, выхоўваўся ў няпоўнай сям'і — маці, умовы ў сям'і камфортныя".

У сваю чаргу, адвакат зачытаў вынікі агляду Забабуры ў псіхолага пасля здарэння. Паводле высновы псіхолага, пасля ДТЗ у яго кліента назіраўся сіндром посттраўматычнага стрэсавага разладу, дэпрэсія, пачуццё адзіноты, комплекс віны, цяжкасць успрымання дапамогі. Адвакат таксама нагадаў, што ў абвінавачванага двое непаўналетніх дзяцей, жонка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Дарэчы, пракурор нагадала пра парушэнні, за якія абвінавачванага прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. За 13 гадоў стажу кіравання яго некалькі разоў штрафавалі, у тым ліку за кіраванне без правоў, а прынамсі два разы — за перавышэнне хуткасці (у прыватнасці, на 19 і 23 км/г).

Да 14.00 абвешчаны перапынак.

12.48. У зале суда наступная сведка — жанчына — Ф. У той вечар яна была за рулем адной з машын, якія стаялі каля школы. У момант здарэння жанчына была ў аўтамабілі. Яна чула крыкі абвінавачанага. Расказвае, што каля школы бегалі хлопчыкі.


"Я пачула крык, выйшла з машыны і ўбачыла хлопчыка, які ляжаў на тратуары. Кіроўца крычаў. У яго быу шок", — распавяла жанчына.

11.55. Эксперт заявіў, што абвінавачаны не парушаў правілаў дарожнага руху. Патлумачыў гэта тым, што трагедыя адбылася не на дарозе, а на праездзе для спецтранспарту. А ў Беларусі правілы дарожнага руху дзейнічаюць толькі на дарогах.

11.35. Адвакат абвінавачанага зачытвае вынікі ўласнай экспертызы. Згодна з імі, кіроўца мог бачыць хлопчыка на працягу 0,3 секунды. Гэтага недастаткова для таго, каб адрэагаваць на змену сітуацыі. Чалавек здольны рэагаваць за час, прыкладна роўны 0,5 секунды.

У экспертызе, якая знаходзіцца ў матэрыялах справы, гаворыцца, што кіроўца мог бачыць хлопчыка на працягу некалькіх секунд. Чаго, у сваю чаргу, дастаткова, каб адрэагаваць адпаведным чынам і спыніць рух аўтамабіля.

Адвакат абвінавачанага тлумачыць гэтыя разыходжанні тым, што следчы эксперымент ДАІ праводзіўся неадпаведным чынам. А менавіта — з нерухомымі ўдзельнікамі. Як вядома, падчас ДТЗ Улад Груддзеў бег за іншым хлопчыкам.

11.17. У залі суда з’явіўся Аляксандр Канапліцкі. Гэта эксперт, запрошаны адвакатам абвінавачанага. Канапліцкі з’яўляецца спецыялістам па аўтатэхніцы, мае ліцэнзію Мінюста, працаваў у ДАІ, вёў расследаванні ДТЗ больш за 10 гадоў. На ўчорашнім паседжанні адвакат абвінавачанага выказаў недавер да вынікаў экспертызы і следчага эксперымента, праведзеных з удзелам ДАІ. Таксама ён паведаміў, што абарона правяла ўласную экспертызу з удзелам незалежнага эксперта і яе вынікі абвяргаюць вынікі афіцыйнай.

Адвакат пацярпелых паставіла пад сумнеў неабходнасць з’яўлення ў судзе Канапліцкага. Аднак суддзя выказалася за тое, што ён мае права выступіць.

10.50. На паседжанне запрошаны Канстанцін Вяслоў. Гэта эксперт, які праводзіў экспертызу цела Уладзя Груддзева. Ён пацвердзіў, што хлопчык загінуў у выніку ДТЗ, а не ў выніку падзення. У момант сутыкнення з аўтамабілем загінулы стаяў на нагах.

Допыт эксперта быў кароткім. На сённяшнім паседжанні абвінавачаны амаль не ўдзельнічае ў працэсе. Не задае пытанняў ні сведкам, ні эксперту.

10.42. Наступны сведка — К. — прысутнічаць на працэсе не змог. Ён знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Іране. Таму суддзя прыняла рашэнне зачытаць яго паказанні, дадзеныя падчас следства.
Згодна з імі, сведка у той вечар знаходзіўся непадалёк ад месца здарэння. Назіраў, як кіроўца аўтамабіля “Поршэ Каен” крычаў адразу пасля наезду на хлопчыка. Ён таксама паведаміў, што праезд ля школы быў застаўлены аўтамабілямі.

Людзей у зале суда сёння не менш, чым учора. Прыкладна 30 чалавек — пацярпелыя, іх родныя, настаўнікі школы, журналісты.

10.30. Расказвае яшчэ адзін непаўнагадовы сведка — Міраслаў Ш. (у залю прыйшоў з маці Таццянай): “Заняткі ў нас праходзяць у другую змену. Звычайна яны заканчваюцца каля сямі гадзін. Калі мы выйшлі са школы, то пачалі гуляць у даганялкі… Улад таксама бегаў, даганяў. Я не памятаю, каго… Я пабег за вугал школы. Потым убачыў, як Улад перабягае праезжую частку. Там ехала вялікая чорная машына. Я бачыў, як Улад трапіў пад машыну. Ён бег прама, а машына ўдарыла яго справа. Пярэдняй часткай. Пасля гэтага мы ўцяклі…


Падчас гульні мы крычалі. За машынамі не хаваліся. Яны стаялі адна за адной. На вуліцы было цёмна — у школе гарэлі вокны на нейкім паверсе”.

10.10. Паседжанне працягнулася. Яно пачынаецца з допыту яшчэ дваіх непаўнагадовых сведкаў. Гэта аднакласнікі загінулага Уладзя Груддзева. Першы з іх у залу суда прыйшоў у суправаджэнні бацькі.

Хлопчык Раман К. расказвае, што вучыцца ў другую змену. У дзень трагедыі у школе быў бацькоўскі сход. Ён паўтарае словы іншых хлопчыкаў, апытаных учора. Таксама гаворыць пра гульню ў даганялкі.

“Ён (Улад) пагнаўся за іншым хлопчыкам. І потым яго збіла машына… Я бачыў, як гэта адбылося. На дарозе. Машына была вялікая… Уладзь бег роўна, за машынамі не хаваўся. Іх каля школы шмат было. Уладзя машына збіла правым бокам. Мы спалохаліся пасля гэтага і ўцяклі па дамах”.

***

У панядзелак быў дапытаны кіроўца — Андрэй Забабура, апыталі сваякоў загінулага хлопчыка, а таксама сведкаў трагічнага здарэння. Абвінавачаны нечакана для ўсіх адмовіўся прызнаваць сваю віну, акрамя маральнай адказнасці.

Як мяркуецца, 12 лютага апытаюць эксперта па дарожна-транспартных здарэннях, прадстаўніка ДАІ і яшчэ некалькіх відавочцаў.

Нагадаем, што трагічнае здарэнне адбылося 13 лістапада 2012 года каля школы №23 у сталічным мікрараёне Сухарава. Кіроўца "Поршэ Каен" збіў насмерць 9-гадовага школьніка Уладзя Груддзева. Справа набыла шырокі грамадскі розгалас. Пра яе згадваў Аляксандр Лукашэнка, які загадаў навесці парадак з бяспекай школ. Адбыліся адстаўкі шэрагу сталічных чыноўнікаў.

Адміністрацыя школы : Улады адмовіліся ставіць агароджу каля нашага будынка

Фота — Еўрарадыё, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі