У настаўніцы з вышэйшай адукацыяй заробак 3,6 мільёна
А ў даяркі — усе 7 мільёнаў!
Чарговая неспадзяванка ад Белстата: заробак у адукацыі (3,1 мільёна рублёў) ніжэйшы, чым ў калгасніка (3,2 мільёна).
Настаўніца беларускай мовы з Віцебскай вобласці Людміла заўважае, што яе заробак — трохі большы за белстатаўскі: 3,6 мільёна рублёў. Але настаўніцай працуе на паўтары стаўкі!
Да таго ж мае дадатковыя абавязкі — класнае кіраўніцтва, праверка сшыткаў, грамадская нагрузка. Яе муж працуе на ЦЭЦ і атрымлівае таксама каля трох мільёнаў. На сям’ю з трох чалавек атрымліваецца трошкі болей за шэсць мільёнаў. А ўлічваючы, што мільён ідзе на крэдыт за кватэру, застаецца трохі болей за 550 долараў на ўсіх.
“Харчуемся вельмі проста: вось учора былі бліны з паштэтам. Нашыя бацькі жывуць у вёсцы, таму добра дапамагаюць нейкімі прадуктамі. А так было б вельмі цяжка”, — гаворыць Людміла.
Усе набыткі сям’я плануе загадзя і не абыходзіцца без крэдытаў: “А інакш не хопіць грошай!”.
Адна з самых буйных пакупак — ноўтбук за тры мільёны.
“Ноўтбук у крэдыт узяла. Прычым не за 7 мільёнаў, а толькі за 3”, — распавядае Людміла і дадае, што і адпачынак на моры не можа сабе дазволіць.
“У рэстаран — калі дзень нараджэння ў каго. Але гэта бывае не часцей за раз на паўгода”, — узгадвае Людміла.
Людміле з яе 27 гадзінамі нагрузкі і вышэйшай адукацыяй няма чаго і цягацца з даяркай Раісай, што працуе ў СВК “Белеў” з Гомельскай вобласці. Яе заробак — 7 мільёнаў рублёў!
Праца ў Раісы спецыфічная — прывучае маладых цялушак да дойкі:
“Усе лета ў сіняках прахадзіла. І рукі і ногі. Мне сын дапамагае ў гэтай працы, бо адзін чалавек не справіцца. Гэта ж жалеза, каровы баяцца. Іншым разам і ў бок нагой дасць”.
Працоўны дзень пачынаецца а пятай раніцы.
“Устаю ў 3.50, а пятай раніцы пачынаю дойку. Гэтак жа вечарам. На дойку кароў атрымліваецца каля трох гадзін”.
Нягледзячы на вялікі, па вясковых мерках, заробак, Раісе няма калі адпачываць, тым больш паехаць да мора: “З-за гэтых кароў куды тут паедзеш! Хто ж будзе даіць? Няма ні выхаднога, нічога”.
Асноўны выдатак сям’і — крэдыт на кухню. А далей па дробязі:
“У магазіне бяру каўбасу — мужу трэба што з сабой пакласці, малако, бо сваю карову не трымаю. Сотня за раз і збягае”, — падлічвае Раіса выдаткі ў краме. Гаворыць, што і харчуецца яе сям’я вельмі проста.
“Бульба, сала, агуркі, каўбаса, яечня — вось і ўвесь сняданак”.
Раіса кажа, што на такой пасадзе і 7 мільёнаў рублёў атрымліваецца малавата — бо праца для жанчыны вельмі цяжкая і складаная.