"У турэмнай камеры на 16-18 кв. метраў можа "пражываць" каля 22 чалавек"
Беларускія папраўчыя ўстановы не перапоўненыя — кожны асуджаны мае свае законныя 2 квадратныя метры жылой плошчы.
У беларускіх папраўчых установах яшчэ свабодна могуць змясціцца звыш 8 тысяч асуджаных. Зараз там утрымліваецца 24 тысячы зняволеных, а разлічаныя яны на 32,5 тысячы. Гэтыя жыццесцвярджальныя лічбы агучвае ў інтэрв’ю “Советской Белоруссии” старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.
Кіраўнік праваабарончай структуры "Платформ інавэйшн" Андрэй Бандарэнка з галоўным суддзёй краіны згодны. Але толькі часткова.
Андрэй Бандарэнка: “Не зразумела: размова ідзе выключна пра калоніі альбо пра людзей, якія ўтрымліваюцца ў турмах, у следчых ізалятарах, калоніях, пасяленнях і гэтак далей. Калі калоніі, то сапраўды — людзі не спяць там па чарзе, нельга сказаць, што яны перапоўненыя. А на “Валадарцы” людзі спяць па зменах”.
Да прыкладу, у Швецыі на 9 мільёнаў жыхароў — 4 тысячы зняволеных, а не 24, як у Беларусі з амаль такой жа колькасцю насельніцтва.
Лідар гурта “Голая монашка” Фёдар Жывалеўскі выйшаў на свабоду з калоніі ў Воршы ў сярэдзіне 2011 года. У той час, калі, паводле слоў Сукалы, ужо ішоў працэс паляпшэння “жыллёвых умоў” зняволеных. Музыкант гэтага паляпшэння на сабе не адчуў.
Фёдар Жывалеўскі: “Я пастаянна бачыў, што перапоўнена ўсё! А ўмовы ў нашай калоніі былі прыкладна такія: на плошчы прыкладна 16-18 квадратных метраў можа пражываць каля 22 чалавек”.
Зняволеныя скардзіцца ў адміністрацыю калоніі ці ў вышэйстаячыя органы не спяшаюцца. Каб горш не стала.
Фёдар Жывалеўскі: “Калі самі асуджаныя просяць, каб было менш у памяшканнях ці яшчэ што-небудзь, з’яўляюцца іншыя рэжымныя моманты, з якімі жыць становіцца таксама не вельмі зручна. Таму даводзіцца неяк цярпець”.
На перанаселенасць не скардзіцца і былы палітвязень Сяргей Каваленка. Але і вольных месцаў на момант свайго вызвалення ў верасні 2012 года ён не заўважыў.
Сяргей Каваленка: “У ІК-19 у Магілёве зрабілі так, што было столькі людзей, колькі патрэбна. Але свабодных месцаў там я не памятаю, каб былі. Двух'ярусныя ложкі навокал, і нават было, што і трэці ярус займалі людзі”.
Згодна з нормамі, у папраўчых калоніях асуджаных павінны забяспечыць не менш як двума квадратнымі метрамі. Вось толькі разлічвае Сукала мінімальную колькасць асуджаных, якіх могуць змясціць папраўчыя калоніі, не з гэтага метражу, а з койка-месцаў, тлумачыць Андрэй Бандарэнка. І калі трэці ярус вольны, то гэта дае паставы сцвярджаць, што перанаселенасці ў калоніі няма.
У калоніях распавядаць аб умовах утрымання асуджаных і колькасці свабодных месцаў адмаўляюцца. А ў адміністрацыі Бабруйскай папраўчай калоніі на пытанне Еўрарадыё адказваюць каротка: “Усё нармальна!”.
Праверыць, наколькі словы старшыні Вярхоўнага суда і супрацоўнікаў адміністрацыі калоніі адпавядаюць рэчаіснасці, не выпадае. Па словах Андрэя Бандарэнкі, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў у папраўчыя ўстановы не пускаюць.
Фота: http://offline.by