У Варшаве абмеркавалі дыпламатычныя войны Беларусі і ЕС

120305 Jaszczanka dypvojny.mp3

На здымку: Удзельнікі прэс-канферэнцыі “Дыпламатычныя войны Беларусь-Еўрасаюз — што далей?”, якая прайшла ў панядзелак у Варшаве.

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак распавёў пра тыя наступствы, якія дыпламатычны канфлікт можа мець для беларускай грамадскасці, а таксама, як палітыка Еўропы магла б дасягнуць самага жаданага эфекта – вызвалення палітычных вязняў. Праваабаронца лічыць, што ў бліжэйшы час ніякіх сур’ёзных санкцыяў з боку ЕС чакаць не варта.

Алег Гулак: “Сур’ёзных намаганняў, прапрацовак, іншых шляхоў, акрамя ўзмацнення тых санкцый, якія існуюць на сённяшні момант, няма. Перш за ўсё, мы павінны думаць пра эфект у выглядзе вызвалення палітзняволеных”.

Іншы ўдзельнік прэс-канферэнцыі, незалежны даследчык, аўтар зборніка “Постсоветская публичность”, Анатоль Панькоўскі лічыць канфлікт цалкам натуральнай з’явай, бо кожная ўсходнееўрапейская краіна балансуе паміж Захадам і Усходам. Адносіны паміж бакамі таксама змяняюцца. Так, пасля выбараў у снежні 2010 года, Беларусь знаходзіцца ў канфлікце з ЕС. Гэты канфлікт прыйшоў на змену дыялогу.

Анатоль Панькоўскі: “Фактычна Беларусь сёння застаецца сам на сам з адзіным саюзнікам: з Расіяй. Ды і з яе боку падтрымка неадназначная, бо Расія пераследуе свае ўласныя мэты. Далейшыя дзеянні беларускіх уладаў будуць залежаць ад палітыкі ЕС, умоўнай альбо рэальнай падтрымкі Расіі і ад рэакцыі насельніцтва. Яна будзе выяўляцца ў эканамічных паводзінах грамадзянаў: у іх адносінах да рублёвых укладаў, валютаў і гэтак далей”.

Палітолаг Кірыл Коктыш намаляваў своеасаблівую геапалітычную карціну. Ён, як і Анатоль Панькоўскі, адзначыў, што Беларусь,  згодна са сваім геаграфічным становішчам, мусіць маніпуляваць паміж Захадам і Усходам. Аднак, пры гэтым неабходна, каб абодва бакі мелі да нашай краіны хаця б мінімум даверу. Акрамя таго, на руку Беларусі і канфрантацыя паміж Расіяй і Еўрасаюзам. Таму не выключана, што канфлікт з Еўропай выбухнуў невыпадкова. На думку палітолага, дыпламатычная вайна і выбары ў Расіі звязаныя між сабой.  

Кірыл Коктыш: “У рамках сваёй перадвыбарчай кампаніі, калі Пуцін пісаў пра міжнародную стратэгію Расіі, ён не ўзгадаў Беларусь. Тады Аляксандр Рыгоравіч вырашыў ляснуць дзвярыма, папрасіўшы заходніх амбасадараў пакінуць Беларусь. Лукашэнка прапанаваў Расіі прадэманстраваць, што яна саюзнік і ўвайсці ў фарватар беларускай палітыкі, беларускай канфрантацыі з ЕС. Гэта даволі відавочная спроба”.

Паводле Кірыла Коктыша, найбольш цікава будуць разгортвацца падзеі, калі Расія і Еўрасаюз дамовяцца паміж сабой і не дазволяць Лукашэнку весці падвойную гульню.

Сваё меркаванне наконт эканамічных наступстваў канфлікта  Беларусі з Еўрасаюзам выказаў эканамічны эксперт Алесь Аляхновіч. Ён нагадаў, што Еўрасаюз пакуль што адзін з найбуйнейшых партнёраў Беларусі, на яго прыходзіцца каля 35 адсоткаў усяго беларускага экспарта. Таму эканамічныя санкцыі, перш за ўсё, адаб’юцца на звычайных грамадзянах.  Акрамя таго, Аляхновіч прапануе палітыкам ЕС спрасціць для беларусаў працэдуру выдачы візаў і працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі