У Варшаве адкрылі Беларускі Дом

26 верасня ў польскай сталіцы з’явілася месца, закліканае яднаць усіх беларусаў Варшавы. Сядзіба пад назвай “Беларускі Дом” урачыста адкрытая па адрасе: вуліца Вейска, 13.

Ідэя стварэння Беларускага Дома ў Варшаве належыць адразу некалькім беларускім арганізацыям. Сярод іх “Ambasada Kultury”, “Беларускі інфармацыйны Дом” і “Еўрапейская Беларусь”. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Дома, Зміцер Бародка, расказвае, якой мае быць ўстанова і ў чым будзе заключацца яе дзейнасць.

Бародка: Беларускія арганізацыі вырашылі, што мусіць быць нейкі цэнтр, у які беларусы могуць прыходзіць, абменьвацца думкамі, размаўляць на роднай мове, нават проста папіць гарбаты. Мы ўсіх запрашаем да нас далучацца, мы дапаможам памяшканнем, распаўсюдзім інфармацыю. Беларускі Дом  гатовы падтрымаць любую ініцыятыву, якая датычыць Беларусі:  ў галіне культуры, інфармацыі, адукацыі, і гэтак далей.

На цырымоніі адкрыцця Беларускага Дома прысутнічала шмат вядомых палітычных і культурных дзеячоў Беларусі і Польшчы. Сярод іх – першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.


Шушкевіч: Я вельмі ўзрадаваны, што нарэшце гэта адбылося. Напэўна, я радуюся нават больш, чым іншыя, бо цягам пятнаццаці гадоў я прыкладаў усе намаганні, каб такое месца ў Варшаве з’явілася. Да каго я толькі не звяртаўся, але нічога не атрымлівалася. І вось цяпер, калі нам насустрач пайшоў польскі ўрад, МЗС, гэта атрымалася. Я ім вельмі ўдзячны.

Яшчэ адзін госць імпрэзы, былы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька, лічыць, што Беларускі Дом зможа не толькі аб’яднаць беларусаў Варшавы, але і будзе забяспечваць палякаў аб’ектыўнай інфармацыяй пра Беларусь.

Буцька: Гэта спроба аб’яднаць пад адным дахам прадстаўнікоў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый, якія знаходзяцца ў эміграцыі, каб яны змаглі і далей працягваць працаваць дзеля дэмакратыі ў Беларусі. Гэтая ініцыятыва з’яўляецца вельмі карыснай і таму, бо яна аб’ядноўвае палякаў і беларусаў. Дзякуючы Беларускаму Дому, палякі будуць атрымліваць веды пра культуру Беларусі, пра беларускую грамадскую думку. Нажаль, пакуль што вобраз Беларусі ў вачах палякаў вельмі стэрыатыпны і абмежаваны.

Некалькі тыдняў таму падобны беларускі цэнтр быў створаны ў Львове. Ягоны кіраўнік, вядомы беларускі апазіцыянер Вячаслаў Сіўчык, таксама прыехаў на адкрыццё Беларускага Дома ў Варшаве. Паміж двума цэнтрамі была падпісаная дамова аб супрацоўніцтве.

Сіўчык: Нам ва Ўкраіне таксама ўдалося арганізаваць беларускі цэнтр, і я вельмі рады, што сёння мы падпісалі партнёрскае пагадненне з Беларускім Домам у Варшаве. Нашая мэта агульная – нам неабходна, каб краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, праводзілі ў дачыненні да яе аднолькавую палітыку.

Вячаслаў Сіўчык адчуў сябе ўтульна ў Беларускім Доме

Паводле заснавальнікаў Беларускага Дома, ён мусіць стаць сапраўднай амбасадай Беларусі ў Польшчы.

На жаль, хаця на прэзентацыі былі і мужчыны, і жанчыны, у прэс-канферэнцыі ўдзел узялі выключна мужчыны, што сапсавала ўражанне ад імпрэзы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі