У Варшаве задаюцца пытаннем, ці магчыма змагацца з-за мяжы

“Цяпер палітычнае пасланне мусіць быць такім, што загублены гады для Беларусі і для Еўропы. Але пасланне людское такое, што па-ранейшаму у турмах сядзяць людзі, якія мелі адвагу помніць аб элементарных каштоўнасцях”, - адзначае вядучы сустрэчы “19 снежня – мы памятаем” польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі.

Аляксандр Атрошчанкаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў правёў у турме каля 10 месяцаў, таксама гаворыць пра палітзняволеных.

Аляксандр Атрошчанкаў: “На сваім уласным досведзе магу сказаць, што “трымайся” ад незнаёмага чалавека можа быць важнейшым, чым дзесяткі дэкларацый ЕС ці нейкіх заакіянскіх дзяржаў. Правілы салідарнасці простыя, але яны працуюць і ратуюць жыцці”.

Яшчэ адзін былы палізняволены, Зміцер Бандарэнка, называе “беларускую дыктатуру” сур’ёзнай міжнароднай праблемай, да якой ЕС ставіцца так жа пасіўна, як і да Сірыі (дзе ўжо загінула каля 40 тысяч чалавек). А 19 снежня параўноўвае з днём увядзення ваеннага становішча ў Польшчы – 13 снежня 1981 года.

Зміцер Бандарэнка: “Ад той даты гісторыя Польшчы пайшла ўжо інакш. Шмат людзей кажуць пра тое, што мусім выкарыстоўваць метады, якія выкарыстоўвала польская “Салідарнасць” падчас ваеннага становішча і далей у 80-я гады”.

На пытанне Еўрарадыё, ці можна з Варшавы ўплываць на тое, што адбываецца ў Мінску, рэдактар “Хартыі-97” Наталля Радзіна гаворыць, што сёння незалежным СМІ немагчыма працаваць у Беларусі без ціску спецслужбаў. А Зміцер Бандарэнка акрэслівае сумныя перспектывы для палітыкаў:

“Сядзець у турме, з’язджаць у эміграцыю ці працаваць пад кантролем улады. Гаворка ідзе пра тое, што сёння трэба мяняць падыходы беларускай апазіцыі ўнутры краіны. І проста неабходна ствараць новыя беларускія цэнтры па-за межамі краіны, каб яны не знаходзіліся пад ударам беларускіх уладаў”.

Бандарэнка прызнае, што галоўнымі ўдзельнікамі змагання з’яўляюцца тыя, хто будзе працаваць унутры краіны.

У той час Аляксандр Атрошчанкаў лічыць, што з’ехалі вельмі матываваныя, якія б не з’ехалі ў ніякіх іншых умовах.

Аляксандр Атрошчанкаў: “Зараз задача гэтай хвалі неяк кансалідавацца, знайсці новыя эфектыўныя формы працы і працаваць на Беларусь. Калі гэта атрымаецца, то Лукашэнка атрымае яшчэ адзін фронт барацьбы, да якой ён, магчыма, не гатовы”.

Фота: belhouse.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі