У варшаўскай Празе намалявалі беларуска-польскае графіці (фота)
У графіці "схаваны патаемны сэнс, і датычыць ён цяперашняй сітуацыі ў Беларусі".
Графіці, створанае беларускімі і польскімі вулічнымі мастакамі, з’явілася ў Варшаве ў раёне “Прага”. Традыцыйна ён лічыцца адным з самых бедных і небяспечных, таму гарадскія ўлады робяць усё для таго, каб змяніць ягоны імідж са злачыннага на артыстычны. Удзел у праекце прыняло чацвёра вулічных артыстаў з Беларусі. На 80% ён прафінансаваны Інстытутам імя Адама Міцкевіча. Гаворыць супрацоўніца інстытута Зузанна Зэмброўска.
Зэмброўска: Да мяне асабіста звярнуўся аўтар гэтага праекта Яўген Гавін. Ён запытаўся, ці наш інстытут не быў бы зацікаўлены ў фінансаванні гэтай ініцыятывы. Ідэя польска-беларускага графіці здалася нам такой цікавай і арыгінальнай, што мы адразу вырашылі яе падтрымаць і прафінансаваць.
Па словах Зэмброўскай, праект каштоўны тым, што ён аб’ядноўвае творчыя памкненні маладых вулічных артыстаў з Беларусі і Польшчы, дапамагае ім рэалізавацца і абменьвацца думкамі.
Зэмброўска: Праект абсалютна новы, ён спрыяе спалучэнню мастацкіх асяроддзяў маладых беларусаў і палякаў.
Пабачыць графіці можна на сцяне аднаго з дамоў па вуліцы 11 лістапада ва ўсходняй частцы польскай сталіцы.
У сярэдзіне кампазіцыі – вялізнае дрэва ў форме чашы, па баках якога - шкілеты Адама і Евы. Самі аўтары лічаць працу сур’ёзнай не толькі з-за біблейскай тэматыкі. Па іх словах, у карціне схаваны патаемны сэнс, і датычыць ён цяперашняй сітуацыі ў Беларусі.