“У жанчыны, якая займаецца сайтам, захварэлі дзеці, яе чацвёрты дзень няма”
Еўрарадыё даведалася, чаму спартовыя федэрацыі не абнаўляюць свае сайты падчас Алімпіяды.
Парадаваўшыся за першы беларускі медаль на Алімпіядзе, заходзім на інтэрнет-старонку Федэрацыі цяжкай атлетыкі, каб знайсці больш інфармацыі пра бронзавую прызёрку Марыну Шкерманкову. Нечакана бачым перад сабой сайт-візітку, дзе няма ніводнага згадвання ні пра Анастасію Новікаву, ні пра Марыну Шкерманкову, ні пра Алімпіяду ўвогуле.
На сайце Федэрацыі коннага спорту таксама ніводнай звесткі пра выступы іх алімпійцаў Алены Целяпушкінай і Аляксандра Фамінова.
“Чалавек, які абслугоўвае на грамадскіх пачатках сайт федэрацыі, ездзіў на Алімпіяду ў якасці сцюарда, бо яе туды запрасілі. Яна вярнулася ўчора, і думаю, што ўсё вывесіць на сайт. Спадзяемся, што ў хуткім часе. Вы зайдзіце на сайт "Ратамкі", там усё ёсць, дзве старонкі прысвечана Целяпушкінай і Фамінову”, — распавядае супрацоўніца федэрацыі.
Выканаўчы дырэктар Федэрацыі паруснага спорту Генадзь Запольскі-Доўнар распавядае Еўрарадыё, чаму іх сайт “ігнаруе” Алімпійскія гульні з удзелам беларускіх яхтсменаў.
Генадзь Запольскі-Доўнар: “Рэч у тым, што чалавек, які займаецца сайтам, зараз працуе ў Лондане валанцёрам, там заадно і стажыруецца. Усе з’ехалі ў Лондан, усе там, на фронце. Ён (Максім Кашкалда, які займаецца сайтам. — заўв. Еўрарадыё) у нас зараз сакратар федэрацыі, таму і займаецца”.
На сайце Федэрацыі веславання таксама ніводнай звесткі пра Кацярыну Карстэн, якая выйшла ў фінал "адзіночкі".
“У жанчыны, якая займаецца сайтам, захварэлі дзеці, яе чацвёрты дзень няма. Няма ніякіх пытанняў, у нас ёсць поўная інфармацыя. У нас кожны дзень адбываецца сувязь з Лонданам. Пасля кожнай гонкі ідзе пэўны каментар”, — распавядае мне старшыня Федэрацыі веславання Аляксандр Грыгараў.
У мінулым міністр спорту і турызму, Грыгараў кажа, што падчас спаборніцтваў спартоўцаў лепш не турбаваць лішні раз. Бо тыя “і так самі ўсё ведаюць”.
Выгадна адрозніваецца ад сайтаў федэрацый старонка ў інтэрнэце Нацыянальнага алімпійскага камітэта, якая даволі аператыўна абнаўляецца. Прэс-сакратар НАК Алег Грынько, які і абнаўляе сайт, тлумачыць, чаму такой працай не займаюцца спартовыя федэрацыі.
Алег Грынько: “Сітуацыя такая, што не ўсе федэрацыі ў стане ўтрымоўваць у штаце прэс-службы. Калі буйныя федэрацыі, як футбол, хакей, тэніс, маюць такую магчымасць, то ў многіх федэрацый проста не хапае людзей, каб гэтым займацца. Нехта на грамадскіх пачатках, проста так, нехта паводле дамовы падраду. Не так і шмат прэс-службаў у нашых федэрацый”.
У Федэрацыі плавання ўвогуле няма сайта як такога — што ўжо казаць пра прэс-службу. Застаецца толькі цешыць сябе думкай, што гэта не перашкодзіць плыўчысе Аляксандры Герасімені прынесці ў беларускую скарбонку чарговы медаль.
Фота: Getty Images