Уладзімір Цэслер: 400 тысяч долараў за яйкі? Я папрасіў больш!

За дзень да закрыцця выставы Уладзіміра Цэслера ўсё яшчэ чарга на ўваход. Супрацоўніца музея відавочна хвалюецца, азіраючыся на натоўп людзей. “Вам усім там проста не хопіць месца!” — папярэджвае яна. “Часцей трэба ладзіць выставы Цэслера — абураецца нехта з натоўпу.

Тым часам Цэслер распачынае сустрэчу. Маладых мастакоў ды студэнтаў у зале больш за ўсё хвалюе пытанне: “Ці можна зарабляць творчасцю?” Адказы Уладзіміра Цэслера на гэтае і іншыя пытанні падслухала і занатавала Еўрарадыё.

 

Мастакі прыходзяць у гэты свет не зарабляць, а атрымліваць задавальненне

І на Захадзе вельмі мала мастакоў, якія жывуць з мастацтва і не мыюць дома шклянкі. Мастак не ў стане сам прадаваць свае працы. Арт-рынка ў нашай краіне няма. Таму і прамоўтараў, якія будуць вас прадаваць, няма таксама. Мастак ці добра працуе, ці добра прадаецца. Аднолькава не бывае. Усіх, хто добра прадаецца, наўрад ці можна назваць добрымі мастакамі. Бо як можна на гэта губляць свой вольны час? Мастакі прыходзяць у гэты свет не зарабляць, а атрымліваць задавальненне ад сваёй працы.

 

Я паступіў у Акадэмію мастацтваў з пятага раза

І мне вельмі падабалася паступаць! У той момант я ўжо рабіў сваім знаёмым дыпломы, а сам яшчэ не мог паступіць. І калі я ўрэшце рэшт паступіў — у мяне было адчуванне, што мяне чагосьці пазбавілі.

Ці сапраўды ў трохлітровым слоіку “Coca-cola”?

Так, яна. Адзінае, што каб слоік не выбухнуў, мы зрабілі незаўважную дзірачку ў накрыўцы. Так што я не надта збяднею, калі буду рабіць новы слоік нават перад кожнай выставай.

 

Аднойчы 16-гадовы сябра сына майго таварыша падышоў да мяне і запытаўся: “Скажыце, а гэта праўда, што вы такі мастак, які робіць з каштоўных упрыгожванняў дрэнныя словы?" Доўга думаў, што яму адказаць. Бо гэта ж праўда!

Музыка і ключы ад кватэры

У юнацтве мы падтрымлівалі зносіны адно з адным праз прыналежнасць да музычных плыняў. І калі, напрыклад, нехта згадваў Jethro Tull, гэтаму чалавеку я мог даць ключ ад сваёй кватэры, і ён мог жыць у мяне колькі заўгодна. Я ўжо яго ведаў!

400 тысяч долараў за калекцыю “Дванаццаць з ХХ”

У мяне тысячы ідэяў. Але ідэя сама па сабе — нішто! Зроблена на гэты момант адсоткаў сем ад задуманага… А задумваецца яшчэ больш, і гэтая розніца ўвесь час расце. Але за такую працу, як гэтая, я б ніколі больш не ўзяўся, бо адчуў няўдзячнасць. І тое, што карысці ад яе няма. Для гэтай серыі разглядалася сто аўтараў. Я нават памятаю, як мы хацелі зрабіць яйка Луіса Бунюэля — латуннае, пакрытае амальгамай, як люстэрка. І, калі ты падыходзіш да яйка, бачыш сваю перагорнутую выяву.

 

 “Дванаццаць з ХХ”

 

Прадаваць ідэі? Ды ў нас за ідэі ніхто ніколі ў жыцці не плаціў! А за мяжой такіх, як я, хапае, паверце мне. За маю калекцыю “Дванаццаць з ХХ” мне Прохараў прапаноўваў 400 тысяч долараў. Але я папрасіў больш! І гэта не вялізныя грошы! Таму нічога і не зарабіў тады.

Супрацоўніцтва з Войчанкам

Лягчэй было ўдвух, натуральна. Працаваць — не, а прыдумляць разам было цікава. Здаралася, што мы нешта прыдумлялі, але каб гэта зрабіць, у яго ўжо не падымалася рука, ён быў вельмі гультаяваты. Выставы яго не цікавілі. І мяне таксама. Я вам адразу скажу, што выстава для мяне — гэта вялікая трагедыя. Добра, калі набудуць нейкую працу. Але ты ведаеш, што не набудуць. Яшчэ бывае, што працу пашкодзяць. На біенале ў Венецыі, напрыклад, разбілі адно яйка з калекцыі “Дванаццаць з ХХ”. Грошай, зразумела, ніхто не даваў. Давялося яго аднаўляць. І пасля кожнай выставы чакаеш падобнага.

Падчас мінскага трыенале адна жанчына проста зняла адно з яек з падстаўкі, каб паказаць свайму дзіцяці. Пасля чаго я гэтае яйка з выставы забраў. Ніхто яго нават не ахоўваў.

Цэнзура

На выставе ў Мінску не падпісалі адзін партрэт з серыі “Школьны кабінет”. Гэта партрэт Ельцына. Увогуле, Ельцына чамусьці ў нас не хацелі паказваць. Я скажу, што там напісана! Па-першае, ён трапіў у музычны клас у якасці дырыжора вялікага сімфанічнага аркестра Германіі. Вы памятаеце гісторыю, як ён спусціўся п’яны з самалёта ў Германіі? Яго павялі пад рукі, а ён падышоў да нямецкага сімфанічнага аркестра і 15 хвілін дырыжыраваў, яго не маглі адарваць. Я не разумею, што тут такога і чаму надпіс пад партрэтам заклеены.

 

 "Школьны кабінет”

Аднойчы майго “Пялевіна” таксама знялі з выставы. Убачылі ў тэксце слова “жопа”. Я ўвогуле здзівіўся, як там можна было нешта прачытаць! Мне падаецца, што калі б я надрукаваў “Вайну і мір”, там таксама знайшлі б, што выкінуць.

“Клинское”: малюнак ці фоташоп?

Гэта рэалізм! Але гэта не піва, а гарачая гарбата. Я вам скажу: ніхто столькі піва не вып’е. Атрымалася прыкладна з 4-й спробы. Нехта мне нават сказаў: Як добра! З націскам!

 

Ё-мабіль

Неяк я даведаўся пра гэты праект. Што ён мусіць быць дзёрзкім і моладзевым. Так прыдумалася “Ё”. Да таго ж “Ёў” ў асяроддзі цінэйджэраў — гэта добра, гэта кул. Ім жа і ездзіць на гэтым аўто, калі ідэя ўсё ж рэалізуецца! Мне не спадабаўся дызайн аўто. Але я не сачу за працягам. І ўвогуле, навошта мне гэтая інфармацыя?

  

лагатыпы Цэслера 

Брэнд Мінска і англійская разведка

Мабыць, лагатып гэты — не вельмі ўдалы. Але хто ў нас пытае? Нават помнікі з’яляюцца самі па сабе, падабаецца гэта табе ці не. Наконт гэтага лагатыпа я нічога не магу сказаць. Мабыць, ён адлюстроўвае тое, да чаго наш горад ідзе. І мне вельмі не хацелася б, каб ён такім стаў. Толькі я не разумею, чым ён адрозніваецца ад любога іншага горада? Чаму гэты лагатып нельга прымяніць, напрыклад, да Жодзіна?

Была такая гісторыя: да мяне прыехала адна дзяўчына і сказала, што ў яе ёсць адмысловае заданне. Маўляў, яна з Лондана, пры гэтым дзяўчына размаўляла па-руску, і ёй нібыта даручылі гэтую тэму. І яна пытаецца: “Вось як вы бачыце Мінск?” Я ў яе запытаўся: “Вы будзеце мне плаціць?”“Не”. “І што вы хочаце, каб я Вам вось так выдаў свае ідэі?” Карацей, яны схадзілі ў разведку.

Каб прыдумаць сімвал Мінска, мала быць мінчуком. Я думаю, сімвал горада — гэта яго герб. І ў Мінска было шмат гербаў, але вось гэты апошні, з Божай Маці — нейкі недапрацаваны… Усё ж такі гораду не 60 гадоў, у яго ёсць свая гісторыя.

 

 

Сяброўства з Андрэем Макарэвічам.

(спявае) “Я помню, как всё начиналось”. Неяк мая сяброўка Алёна Свірыдава вярнулася з Масквы і запыталася, ці можа яна прыйсці да мяне ў госці не адна. Званок у дзверы. І я бачу, што стаіць Алёна, а за ёю — Макарэвіч. Пакуль  я думаў, што сказаць, ён працягнуў руку і сказаў: “Вельмі прыемна! Шмат пра Вас чуў!” А пасля дадаў, што быў на маіх выставах у Піцеры і Маскве і вазіў туды сяброў. Я ніколі не быў яго прыхільнікам, але разумеў, што, мабыць, яму падабаецца такая ж музыка, як і мне. Неяк ён пайшоў глядзець мае дыскі і я падумаў: “Жах! У мяне няма ніводнага дыска “Машины времени”! І да наступнага разу я выправіўся — набыў яго дыскі. Але гэта атрымалася яшчэ горш — яны былі запакаваныя! Хаця Андрэя цяжка пакрыўдзіць, ён просты чалавек.

 

Беларуская гасціннасць

Увогуле ў мяне заўжды шмат гасцей. І не думайце, што ў кагосьці прачнецца сумленне пакінуць вас працаваць у спакоі — такога не бывае! Плюс я добра гатую. Зараз, праўда, я з большага перайшоў на дыетычную ежу. Многія мне дагэтуль не могуць дараваць! (смяецца) Зараз я прачынаюся а 5-ай раніцы і іду працаваць — і ў гэты час, паверце, нікому не прыйдзе ў галаву наведацца да вас у госці.

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі