Вантузы ў Беларусь едуць ажно з Галандыі
У нас дагэтуль няма ні беларускіх алоўкаў, ні ёршыкаў для ўнітазаў.
У аддзеле гаспадарчых дробязяў ГУМа амаль няма беларускіх тавараў! Ёршыкі для ўнітазу — кітайскія ды галандскія, шчоткі і шуфлікі — польскія, хлебніцы — расійскія… Мыльніцы ды дошкі нам пастаўляюць палякі. І нават такі “складаны” сантэхнічны прыбор, як вантуз, прыехаў у Беларусь… з Галандыі!
Працягваю шопінг, іду ў аддзел канцтавараў. Алоўкі, ручкі, лінейкі, у асноўным, нямецкія. Беларускіх няма.
На прадпрыемстве “Гаспар”, якое больш за 20 год вырабляе канцтавары, кажуць, што спрабавалі запусціць вытворчасць алоўкаў, але… безвынікова.
"Гаспар": “Мы спрабавалі вырашыць гэтую праблему, але, на жаль, нашы сяброўскія дзяржавы, тая ж Расія, дзе ёсць завод "Кіраў", папросту насычае рынак у алоўках... Мы маглі б хоць заўтра пачаць вырабляць алоўкі, але яны б атрымаліся даражэй за імпартныя. На нашым рынку ёсць рэчы, якія танней прывезці, чым зрабіць”.
Супрацоўнік прадпрыемства запэўнівае, што зрабіць аловак — “задавальненне не простае”. Таму яны вырабляюць крэйду, гуаш і акварэльныя фарбы. Якія, дарэчы, танней за імпартныя…
"Гаспар": “6 колераў у крамах каштуе 14 тысяч, а расійскія — 26…”
Нягледзячы на гэта, 90% нашай крэйды ўсё адно едзе ў Расію!
"Гаспар": “У крамах гэтыя паразіты нашу прадукцыю адсоўваюць у бок, ім цікавей прадаць расійскую… Мы з імі змагаемся, але перасталі гэтым займацца: гонім у Расію — дый усё… На ўнутраным рынку мы прадаем працэнтаў 10, не больш”.
На сайце Мінгандлю Еўрарадыё знайшло цікавы спіс. На некалькі старонак пералічаныя прадукты, якія мы можам вырабляць самі, але не робім. У спісе — зубныя шчоткі, ватныя палачкі, ужо згаданыя алоўкі, шарыкавыя ручкі, футбольныя мячы, ласты, гумовыя лодкі ды іншыя.
Ёсць у гэтым спісе і драўляныя раздзелачныя дошкі. На паліцах ГУМа Еўрарадыё знайшло дошкі з Польшчы і Чэхіі за 36-40 тысяч. Але была там адна беларуская, праўда, толькі размаляваная. І каштуе — 56 тысяч.
Пакуль жа ў нас імпартазамяшчаюць зубачысткамі ды “памперсамі”… На пінскім прадпрыемстве УП "ЭлКіс" выпускаюць зубачысткі з бярозы. Паводле словаў дырэктара, попыт на беларускія зубачысткі ёсць. Па цане яны аднолькавыя з імпартнымі.