Васілевіч: Не ўзводзьце ў культ уласнасць у выпадку з нецвярозымі кіроўцамі
Калі ў алкакіроўцаў пачнуць канфіскоўваць аўто, то гэта будзе супярэчыць Канстытуцыі, папярэджваюць эксперты.
Генпракуратура прапаноўвае канфіскаваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў. А як жа права асабістай уласнасці? Ва ўсім свеце яго паважаюць: могуць даць вялізныя штрафы, могуць, як у Кітаі, нават расстраляць, але машыну не канфіскуюць! У нашай Генпракуратуры свой пункт гледжання на гэтую нестыкоўку.
“Калі чалавек кагосьці забіў са стрэльбы, то гэта стрэльба з’яўляецца прыладай злачынства. Дык вось, машына ў дадзеным выпадку — крыніца павышанай небяспекі. Яна таксама будзе канфіскавацца як прылада злачынства”, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Лічыць аўтамабіль “прыладай злачынства” Генпракуратуры дае падставы тое, што канфіскаваць іх будуць толькі ў тых кіроўцаў, што здзейснілі крымінальнае злачынства. Да прыкладу, двойчы за год трапіліся даішнікам у нецвярозым стане ці здзейснілі ДТЗ, у выніку якога альбо цяжкія траўмы камусьці нанеслі, альбо — забілі.
У асобных выпадках можна і не звяртаць увагі на права асабістай уласнасці — так лічыць і былы кіраўнік Генпракуратуры, былы кіраўнік Канстытуцыйнага суда, а цяпер загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ Рыгор Васілевіч.
Рыгор Васілевіч: “Уласнасцю і любым іншым правам нельга злоўжываць! А калі ідзе размова пра злоўжыванні, то, безумоўна, дзяржава можа шукаць варыянты для абароны бяспекі грамадзян і грамадства. Таму ў культ узводзіць уласнасць у дадзеным выпадку нельга — тут жа здзяйсняецца “вінаватае” правапарушэнне”.
Змаганне з нецвярозымі кіроўцамі грамадскі актывіст Арцём Шаркоў падтрымлівае. І нават не супраць канфіскацыі ў аматараў выпіць і сесці за руль аўто. Але толькі калі яго нецвярозым злавілі 5-6 разоў цягам года. Інакш сітуацыя можа стаць абсурднай.
Арцём Шаркоў: “Аматары выпіць за рулём пачнуць набываць сабе рознае аўтасмецце, якое каштуе 100-200 долараў, і ездзіць нецвярозымі на гэтых машынах: забіраюць — і хай сабе забіраюць!”
Паводле слоў актывіста, вялікімі штрафамі і нават абмежаваннем волі з нецвярозымі кіроўцамі ёсць сэнс спрабаваць змагацца, а ў канфіскацыі вялікага плёну няма.
Праваабаронца, юрыст “Беларускага Хельсінкскага камітэта” Гары Паганяйла звяртае ўвагу на тое, што ініцыятыва з канфіскацыяй "уступае з супярэчнасць" з Канстытуцыяй.
Гары Паганяйла: “…і з шэрагам законаў, якія накіраваныя на ахову і роўнасць маёмасных правоў фізічных і юрыдычных асоб”.
Напрыклад, калі машынай на роўных карыстаюцца муж і жонка, набылі яе сумесна, але канфіскуюць яе за нецвярозую язду аднаго з іх, то за што пад пакаранне трапляе другі ўладальнік? Што не даглядзеў?
Рыгор Васілевіч прапаноўвае перад накіраваннем законапраекта ў парламент вынесці яго на грамадскія слуханні. Калі людзі падтрымаюць прапановы Генпракуратуры і Мінюста, то і маральная адказнасць за парушэнне права асабістай уласнасці здымецца. Калі не — хай не наракаюць на жудасныя аварыі з ахвярамі, якія здзяйсняюць нецвярозыя кіроўцы.
Фота: Змітра Лукашука