Вечаровы Noize (фота, відэа)

Звычайна цёплае ды сяброўскае шоў Noize MC на гэты раз шакуе надзвычайным пафасам. Ваня Аляксееў і кампанія выходзяць на сцэну Re:Public ва ўрачыстых чорных гарнітурах. Ды не адны, а з сапраўдным аркестрам! Саксафон, трамбон ды труба, скрыпка і нават віяланчэль — не рэп, а цуд нейкі!

Ургант-стайл працуе напоўніцу. Разам з басістам Noize MC Сашам Кіслінскім Ваня бярэ на сябе ролю канферансье. Дуэт сыпле відавочна падрыхтаванымі дыялогамі ў стылі “Пражэктарпэрысхілтан”. Публіка радуецца.

Але бліжэй да канца канцэрта “шоўмены” разнявольваюцца:

 

"Калісьці я меў звычку, седзячы на ўнітазе, граць на акустычным басе. Так, аднойчы, пасля угарнай вечарынкі я напісаў для Сашы прыпеўчык "Я здесь, чтоб испортить вам пати", — распавядае Ваня.

 

"Аааа, гэта тая паці ў Руслана, на якой я напіўся ды пачаў усё ламаць", — падхоплівае Саша.

 

Пад згаданую песню падлеткі вар'яцеюць з асаблівым імпэтам.

"Людзям галоўнае паслэміцца, паскакаць да столі", — меланхалічна заўважае арт-дырэктар клуба Re:Public Макс Старцаў, назіраючы, як шчасліўчыкі з натоўпу вылазяць на сцэну, каб адразу быць скінутымі назад. На акустычнай праграме, якую гурт прэзентаваў у суботу, наведвальнікаў было менш. Але не будзем хлусіць, ды і Максу няма на што скардзіцца: абодва дні на Noize MC яблыку няма дзе ўпасці.

 

Расчуліўшыся, Іван чытае фрыстайл пра свае рэгулярныя візіты ў Мінск ды надзвычай цёплы прыём мінчукоў. За гукарэжысёрскім пультам пачынаюцца хваляванні, на сцэну вылятаюць тэхнікі, правяраюць правады на гітары музыкі. Нойз смяецца ды тлумачыць: каманда ведае, што калі пасярод канцэрта Іван знянацку пачынае фрыстайліць, гэта умоўны знак, каб паказаць, што кантакты адышлі ды граць музыка не можа. "Але сёння фрыстайл — гэта проста фрыстайл", — запэўнівае Noize MC.

 

Як заўжды, падчас яго канцэрта ў Re:Public спякотна, як у печцы. Публіка не ведае, што яшчэ з сябе сарваць, і толькі бубнач Павал Цяцерын лупіць па бубнах у сваім касцюме-двойцы. На пытанне, ці жывы ён там, Паша смяецца са свайго кутка: "Выцягваю канцэрт як магу, бо вашы кашулі без пінжака, чувакі, проста адстой!"

 

Музыкі сыходзяць пасля трохгадзіннага канцэрта, адчытаўшы фрыстайл пад вядомую тэму з "Тэрмінатара". Натуральна, паабяцаўшы неўзабаве вярнуцца. Чакаць будзем, але выклікаць на біс моцы ўжо не стае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі