"Вольнае паветра" зладзяць у яме і ў пуні

Культавы фестываль "Вольнае Паветра", на якім некалькі гадоў запар выступалі выключна беларускія фолк-гурты, зменіць фармат. Як распавёў Еўрарадыё новы прадзюсар фэсту Яўген Калмыкоў, ідэя змяніць канцэпцыю імпрэзы з "элітнай тусоўкі для сваіх" на фармат сапраўднага фестывалю нарадзілася падчас мінулагодняга "Вольнага паветра" на хутары Шаблі.

Яўген Калмыкоў: "Быў канцэрт "Троіцы". І мы падумалі, што ў фестывалю няма развіцця. З года ў год на "Вольным Паветры" збіраюцца беларусы, самі на сябе глядзяць і, умоўна кажучы, самі для сябе і граюць".


А сапраўдны фестывальны працэс, лічаць арганізатары, – гэта ўзаемапранікненне культур.

Яўген Калмыкоў: "Для гэтага сёлета мы прывозім калектывы, якія працуюць у накірунку этна-музыкі, але якія рухаюцца далей, праводзяць нейкія музычныя эксперыменты на аснове фальклорнай музыкі".

Так, для удзелу ў фестывалі ў гэтым годзе былі запрошаныя каманды з Расіі, Літвы, Сербіі, Украіны, Польшчы. Але ніякіх конкурсаў-адбораў не было.

Яўген Калмыкоў: "Гэта чыстая густаўшчына некалькіх людзей. Я кажу: "Бо, мне падабаюцца гэтыя калектывы". А ён кажа: "А мне – гэтыя". Ну давай яшчэ запытаемся ў сяброў, якія калектывы ведаюць яны. Вось такім чынам усё гэта адбывалася".

На думку арт-дырэктара фестывалю Аляксандра Багданава (больш вядомага як Папа Бо), зараз тэндэнцыі ў этна-музыцы ідуць да таго, каб яе "асучасніць" шляхам унясення пэўнай ноткі.

Аляксандр Багданаў: "Усе гэтыя гурты я чуў раней на розных фэстах. Яны адпавядаюць фармату фестывалю, фармату новага этна – то бок не аўтэнтычнай этнікі, а этна скрыжаванага з сучаснай музыкай, будзь гэта электроніка альбо рок, хіп-хоп. Мы паклікалі іх, таму што хацелі, каб людзі з Беларусі пазнаёміліся з творчасцю замежных сучасных этна-гуртоў".

Так цягам 15 гадзін на пляцоўках "Вольнага Паветра" выступяць польскія праекты Wadada і Zywiolak, "электрабалканскі" праект Shazalakazoo, расійскія Комба Бакх і Таки Да, літоўцы Savijus, украінцы Бадьян Сауна Систем. Адказнымі за беларускую сцэну будуць гурты Akana, Нагуаль і Dzivasil.

Фестываль развернецца на трох пляцоўках, і працягнецца ад 15-ай да 6-ай гадзіны раніцы.

"Галоўная сцэна будзе ў выглядзе амфітэатру, людзі будуць уверсе, а сцэна ўнізе – так дыктуе сама пляцоўка, - тлумачыць Яўген Калмыкоў.- Другая пляцоўка будзе ў яме! Гэтую яму ўладальнік хутара Ўладзімір Шаблінскі выкапаў для басейна, але пакуль там атрымалася шыкоўная, арыгінальная, вялікая пляцоўка. Хочам самі для сябе паслухаць, што такое, калі калектывы выступаюць у яме. Такое цікавае акустычнае асяроддзе".

Нагадаем, што да гэтага часу на "Вольным Паветры" традыцыйна існавала вялікая адкрытая сцэна, і, так бы мовіць, нефармальная сцэна ў пуні, якая застанецца і сёлета.

"Але тое, што адбывалася ў пуні, было заўжды цікава! Таму што там драўляныя сцены і ўнікальная акустыка! Пару ліхтароў ствараюць каларыт такога інтыму, хіба што. – дадае Калмыкоў. - Я ўжо заўважыў, што які б калектыў там не выступаў, ці проста дыджэй ставіць музыку, там заўжды ўтульна. Таму пляцоўку ў пуні мы пакідаем абавязкова. А ў наступным годзе паспрабуем увогуле некалькі пуняў паставіць адмыслова для таго, каб у іх адбываліся выступы".

Арганізатары свядома адмовіліся ад удзелу ў фэсце "пэўнага" хэдлайнера. Аляксандр Багданаў тлумачыць гэта тым, што зараз у Беларусі ўсталявалася мода хадзіць толькі на вельмі вядомыя каманды.

Аляксандр Багданаў: "А нам бы хацелася ўнесці больш еўрапейскую тэндэнцыю, калі людзі ідуць на канцэрт не дзеля таго, каб пачуць любімыя, даўно знаёмыя песні, а пазнаёміцца з нечым новым. Таму мы прынцыпова не звалі нейкіх гучных гасцей, якія збяруць стадыён. І спадзяемся сабраць публіку, зацікаўленую новымі тэндэнцыямі".

Фестываль "Вольнае паветра" пройдзе 2-га ліпеня, на хутары Шаблі, што ў 80-ці кіламетрах ад Мінска ў бок Вільні. Кошт квіткоў, якія з’явяцца ў продажы 10-га чэрвеня, складзе 20 тысяч за ўваход і 50 тысяч за ўваход+кемпінг.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі