Вядучыя праваабарончыя арганізацыі Брытаніі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
У лонданскім Free Word Centre адбылося паседжанне "Беларускага камітэта".
У яго ўваходзяць праваабарончыя арганізацыі Index on Censorship і Amnesty International, юрыдычная фірма "H20 Law LLP", Беларускі Свабодны тэатр, англійскі ПЕН-цэнтр, арганізацыя па абароне правоў журналістаў "Article XIX", драматург Том Стоппард, і Ірына Багданава, як прадстаўнік сем'яў рэпрэсаваных.
На паседжанні абмяркоўваліся пытанні эфектыўных шляхоў ціску на беларускі рэжым; грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне ўвагі да праблем Беларусі брытанскай грамадскай думкі і еўрапейскіх грамадскасці і палітычнай эліты; юрыдычныя механізмы запуску судовых разглядаў злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Паседжанне "Беларускага камітэта" адбылося ў дзень нараджэння аднаго з вязняў беларускага СІЗА КДБ, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. У адсутнасць імянінніка, сястра Саннікава Ірына Багданава папрасіла ўсіх прысутных задзьмуць свечкі на торце з адзіным пажаданнем – вызваленнем усіх палітвязняў з беларускіх турмаў, паведамляе Хартыя-97.