Wi-Fi і электронная пошта ў Беларусі будуць толькі па пашпарце

Беларускім пастаўшчыкам інтэрнэт-паслуг давядзецца зарэгістраваць усе паштовыя скрынкі, размешчаныя на тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску распавёў начальнік сектара інфармацыйных тэхналогій Дэпартамента інфарматызацыі Сяргей Руднеў.

Сяргей Руднеў:
“Усе паштовыя скрынкі, у тым ліку і бясплатныя, якія падае пастаўшчык інтэрнэт-паслуг кліентам (у дадзеным выпадку кліентамі з’яўляюцца тыя, хто ў вас рэгіструе гэтыя паштовыя скрынкі), і вы павінны зарэгістраваць гэтыя паштовыя скрынкі ва ўстаноўленым парадку”.



Такім чынам, да 1 ліпеня ўсе парталы, паштовыя сервісы якіх знаходзяцца непасрэдна ў Беларусі, павінны падаць звесткі аб сваіх кліентах у інспекцыі па наглядзе за электрасувяззю. А значыцца, карыстальнікам электроннай поштай давядзецца разам са сваім адрасам пазначаць імя і прозвішча, а таксама пашпартныя звесткі і кантактны тэлефон.

Сяргей Руднеў: “Кліент павінен падаць усю неабходную інфармацыю па ўказаных скрынках”.

А тое, што правайдэрам давядзецца рэгістраваць сотні тысяч, а ў асобных выпадках і мільёны паштовых скрынак, інспекцыю па наглядзе за электрасувяззю не цікавіць. Як і тое, колькі часу гэта зойме.

Па словах начальніка аддзела інфармацыйных тэхналогій інспекцыі па наглядзе за электрасувяззю Андрэя Сіліча, рэгістрацыя будзе адбывацца праз партал “БелДІЭ” пасля падачы адпаведнай заяўкі ад пастаўшчыка інтэрнэт-паслуг.

Андрэй Сіліч: “Як толькі сам правайдэр альбо пастаўшчык інтэрнэт-паслуг будзе гатовы да таго, каб падаваць дадзеныя са сваёй аўтаматызаванай сістэмы ўліку, мы дамо ім такую магчымасць”.

Пасля з’яўлення прэзідэнцкага ўказу, асаблівую ўвагу эксперты і журналісты звярнулі на прапісаныя там патрабаванні па абмежаванні доступу карыстальнікаў да асобнай інфармацыі. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення электрасувязі Паўла Пятрулевіча, ужо падрыхтаваны дакумент, дзе прапісана – якім чынам гэта абмежаванне будзе ажыццяўляцца.

Павел Пятрулевіч: “Там падыходы, прыкладна, вызначаныя наступныя: у абавязковым парадку доступ да інфармацыі, распаўсюджанне якой забаронена ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, будзе абмежаваны для органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, і далей па ўказе. Фізічным асобам альбо карыстальнікам інтэрнэт-паслугамі паслуга па абмежаванні доступу будзе аказвацца па яго заяўцы”.



Па яго словах, чалавек у сваёй заяўцы павінен дакладна ўказваць, ад якой інфармацыі яго павінен правайдэр адключыць і аберагаць. Платная гэта будзе паслуга ці не, кажа Пятрулевіч, будзе вырашаць кожны асобны пастаўшчык інтэрнэт-паслуг.

Што цікава – нягледзячы на тое, што дакумент з дэталямі будучага абмежавання доступу да інфармацыі ужо гатовы, ён пакуль так і не паступіў на ўзгадненне ў зацікаўленыя ўстановы.

З 1 ліпеня зменяцца правілы і для інтэрнэт-кавярняў. Туды будуць пускаць толькі з пашпартам. Уводзіць свае дадзеныя давядзецца і пры карыстанні вай-фаем.

Мяркуецца, што пасля таго, як указ №60 пачне дзейнічаць, у манапольнага ўладальніка ўсяго беларускага інтэрнэта – Белтэлекама – павінны з’явіцца канкурэнты. Але адказаць на пытанне, якім чынам будуць выбіраць кампаніі для працы ў гэтай галіне, начальнік упраўлення электрасувязі Мінсувязі Вольга Фядарэева не здолела. Па яе словах, будучых канкурэнтаў Белтэлекама будуць выбіраць у Адміністрацыі прэзідэнта. А асабіста Лукашэнка – зацвярджаць прэтэндэнтаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі