Як разганяюць мух перад прыездам прэзідэнта

Бліжэйшым часам кіраўнік краіны мусіць наведаць Пастаўскі раён. Дакладней – ферму “Волахі” акцыянернага таварыства “Хацілы-Агра”, што ў Ярэўскім сельсавеце. Мясцовыя чыноўнікі паставіліся да візіту як да іспыту, і каб здаць яго на “выдатна”, загадалі знішчыць на ферме мух, дрэнныя пахі і пачысціць каровам капыты ды хвасты.


Старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў склаў цэлы “Пратакол даручэнняў па падрыхтоўцы аб’ектаў Пастаўскага раёна да наведвання прэзідэнта”. Даручэнняў – 163. Зразумела, больш за ўсё выпала кіраўніцтву фермы “Волахі” – 41 за 4 дні. Па словах загадчыка фермы Аляксандра Адамковіча, прыгажосць на тэрыторыі навялі ў вызначаны тэрмін.


Аляксандр Адамковіч: “Тэрыторыю падмятаем, газоны – падрыхтаваныя, дзе-нідзе асфальт адрамантавалі. Дарога асфальтаваная пракладзеная ўжо да фермы ад вёскі Хацілы. Што там яшчэ? Клумбы, кветкі...”


Зараз спрабуюць ферму пазбавіць спецыфічнага паху і знішчыць мух.


Аляксандр Адамковіч: “Лясны бальзам” у нас ёсць. Але ён для невялікіх памяшканняў больш падыходзіць. А тут – ферма! 136 метраў даўжыня, шырыня – 35 метраў і вышыня – больш за 10. хутка благавонні гэтыя сыходзяць і нічога зрабіць, відаць, гэта не дапаможа. А як мух? Тут у нас гнаясховішча на 14 тысяч тон – там яны плодзяцца. І там залілі іх па перыметры дэзрастворамі рознымі. Ну, і ў памяшканнях раскладаем рознае. На звычайнай ферме ад мух -- столі чорныя! А тут мухі мала дзе лётаюць. Робім скразняк і яны злятаюць”.


А вось загад старшыні райвыканкама “апрацаваць рогі, капыты і хвасты” каровам загадчыка фермы здзівіў.


Аляксандр Адамковіч: “З капытамі трэба пастаянна працаваць, а хвасты ды вымя праз кожныя тры месяцы трэба апрацоўваць каб робаты не “блыталіся”. Каб не наліпаў гной ні на вымя, ні на хвасты”.


Дакладны дзень прыезду прэзідэнта вяскоўцы не ведаюць. Але пэўны інструктаж ўжо быў.


Аляксандр Адамковіч: “Савет бяспекі нам яшчэ давядзе, але нешта ўжо і расказалі – інструктажы правялі з усімі службамі, супрацоўнікамі”.


Рыхтуюць да прыезду прэзідэнта і навакольныя палі ды вёскі. Да прыкладу, поле кукурузы старшыня райвыканкама загадаў выпалаць сялянам рукамі на шырыню 5 метраў ад дарогі. Ды сабраць па полі камяні. А таксама – пафарбаваць іржавую трубу на ўзгорку ля кукурузнага поля. Ёсць і не менш дзіўныя загады: “Справа да дарогі выразаць “квадрат” кукурузы і разараць тэрыторыю”, “з правага боку – рамонт 2,5 га кукурузы”, “ачыстка ўсёй тэрыторыі лесу на глыбіню 100 метраў”, “пафарбоўка флагштока для сцяга і замена сцяга”, “перадача белагаловых цялят у іншыя гаспадаркі”.


Навялі парадак і ў вёсцы Хацілы. Як расказала прадавачка вясковай крамы, вакол навялі парадак, траву выкасілі...


Прадавачка: “Не хочацца гадасці казаць, але рыхтуемся. У нас тавару хапае, вакол парадак – пабялілі, пафарбавалі. Пакасілі паўсюль, кветкі палівалі і зараз яны растуць. Усе гаспадары пакасілі траву ў дварах, пафарбавана ўсё”.


Ці прыйдзе кіраўнік краіны ў краму, прадавачка не ведае. Але, кажа, калі і прыйдзе, то гаварыць з ім, нешта пытаць, яна не імкнецца, хоць сказаць і было б што”.


Прадавачка: “Ой, не! Мне трэба да пенсіі дарабіць. Я лепш памаўчу. Зараз я не кажу, бо мне трэба да пенсіі дарабіць, а калі я выйду на пенсію – мяне ўжо ніхто не будзе слухаць”.


Чаму людзі не супраць прыгажосці ў роднай вёсцы, але не надта задаволеныя цяперашнім аўралам па навядзенні чысціні, Еўрарадыё патлумачыў старшыня Ярэўскага сельсавета Павел Скрыдлеўскі.


Павел Скрыдлеўскі: “Людзі сыходзяць у 6 раніцы на працу і вяртаюцца каля 10 вечара. І касіць, абрываць траву і садзіць кветкі не ў кожнага ёсць. Але мы падключылі іншыя службы, суботнік правялі масавы. І гэта нам дазволіла навесці парадак у большых аб’ёмах, чым быў да гэтага часу”.


Патлумачыў ён і тое, чаму прэзідэнту не хочуць паказваць белагаловых цялят.


Павел Скрыдлеўскі: “Наша гаспадарка спецыялізуецца на племянных пародах кароў. А тыя, каторыя такія трапляюцца – яны не племянныя. І таму паставілі задачу гэтых кароў прыбраць на іншыя фермы. А гэта ферма, паколькі яна першапачаткова будавалася пад высокапрадуктыўны статак, то там і павінен быць высокапрадуктыўны статак”.


Па словах Паўла Скрыдлеўскага, усе даручэнні з райвыканкама яны выканалі ў тэрмін. Вось толькі, калі дакладна прыедзе прэзідэнт, нават мясцовы старшыня не ведае. Як і тое, хто будзе падносіць госцю хлеб-соль. Кажа, не супраць быў бы гэта зрабіць сам, але, хутчэй, рушнік перахопіць раённае кіраўніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі