Ярмошына праводзіць адпачынак пад аховай у Драздах

Свой сёлетні адпачынак неўязная ў краіны Еўрасаюза старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына праводзіць не ў Парыжы, пра які даўно марыць, а ў Беларусі. Дакладней — у Драздах. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Мікалай Лазавік: “Лідзія Міхайлаўна ў Беларусі, адпачывае дома, прымае гасцей”.

Вось толькі патрапіць да яе ў госці могуць толькі чаканыя госці — ахова Драздоў на кожнага візіцёра павінна выпісаць пропуск па заяўцы жыхара гэтага элітнага месца. Карэспандэнту ж Еўрарадыё на запрашэнне ў госці да старшыні ЦВК лепш не разлічваць, папярэдзіў Лазавік.

Мікалай Лазавік: “Вас туды не пусцяць — у Дразды трэба пропуск. Ну, яна можа запрасіць і па яе распараджэнні прапусцяць. Але — жаданых гасцей! Вы ж там прыедзеце, назбіраеце мошак-блошак, а потым размажаце па ўсёй старонцы!”.

Сам сакратар Цэнтрвыбаркама збіраецца ў адпачынак напрыканцы жніўня. Адпачываць, кажа паедзе ў вёску Тулёнка, што ў Стаўбцоўскім раёне.

Мікалай Лазавік: “Там у мяне домік. Звычайны сялянскі дом з печкай, прыбіральняй на вуліцы і калодзежам. Там рэчка, там лес, там можна адпачыць душой”.

І заўважыў, што сам ніколі не імкнуўся паехаць адпачываць на мора ці ў іншыя краіны. Толькі адзін раз за ўсё жыццё быў на Чорным моры — вазіў лекавацца дачку, у якой пачаўся гаймарыт.

Мікалай Лазавік кажа, што заўсёды бярэ на адпачынак вуду і знаходзіць час парыбачыць.

Фота —  bymedia.net і з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі