Юрый Зісер: У Беларусі людзі масава сыходзяць у інтэрнэт

Паводле слоў дырэктара і заснавальніка TUT.by, карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі за апошні год стала больш на цэлы мільён.

Юрый Зісер:
“Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ кажа, што нас 4,4 млн карыстальнікаў, а ў мінулым годзе лічба была троху больш за 3 мільёны — гэта 46%. Яшчэ трошку — і будзе 50%. А гэта ўжо паказчык развітых краінаў. Гэта ўжо добрыя годныя лічбы”.

Юрый Зісер паведаміў і іншыя цікавыя звесткі. Разам з блогамі ў Байнэце сёння 70 тысяч сайтаў, 35 тысяч даменаў у зоне .BY, 3 тысячы інтэрнэт-крамаў, 72 тысячы беларускіх блогаў у ЖЖ (з іх 25 тысяч з’явіліся толькі за гэты год). Рост беларусаў у фэйсбуку — проста выбуховы, сёння нас там ажно 120 тысяч.

Юрый Зісер:
“На фэйсбук нарэшце прыйшла мода. Цяпер я атрымліваю па 5-12 запрашэнняў на дзень на фэйсбуку”.

Беларускі інтэрнэт за апошні год стаў больш танным і хуткім, кошт на яго знізіўся ў 4 разы. Самы танны хуткі тарыф сёння — усяго 10 тысяч рублёў за месяц. Самы танны анлім каштуе 50 тысяч.

Апошнім часам “Белтэлекам” аператыўна пашырае знешні канал. Цікава, што на Расію канал большы ажно ў 7 разоў, чым на астатні свет. А доля замежнага трафіку складае 94% — пераважна гэта відэа і музыка.

Тэндэнцыі года

Галоўнай тэндэнцыяй Юрый Зісер назваў выбуховы рост дзяржаўнага рэгулявання Байнэту:

“Ніколі дзяржава не выпускала такой колькасці заканадаўчых актаў, як за апошні год”.


Ёсць і станоўчыя тэндэнцыі. Паводле словаў дырэктара TUT.by, дзяржава ўпершыню пачала слухаць інтэрнэт-супольнасць.

Юрый Зісер: “Яны ўсё адно шмат у чым рабілі па-свойму, але, прынамсі, выслухоўвалі. У прыватнасці, калі вяртацца да 60-га указа, ён мусіў быць прыняты пры канцы снежня, але, пабачыўшы рэакцыю інтэрнэт-супольнасці, дзяржава скарэктавала гэты ўказ — і, такім чынам, самыя вялікія праблемы з яго зніклі”.

Сёлета пачалося вялізнае перацяканне аўдыторыі тэле- і радыёканалаў у інтэрнэт.

“Народ проста пачкамі сыходзіць у інтэрнэт, — кажа Юрый Зісер. — Па Беларусі, на жаль, дадзеных няма. Але па Расіі за апошнія 9 месяцаў аўдыторыя тэлебачання ў Маскве ўзроставай катэгорыі ад 15 да 25 год паменшылася з 43 да 28% — абвалілася ў 1,5 разы адразу”.

Яшчэ адна тэндэнцыя — узмацненне канкурэнцыі Байнэта з Рунэтам і сусветным інтэрнэтам. І гэта дрэнна для беларускага інтэрнэт-бізнэсу, адзначае Юрый Зісер.

Заканадаўчыя акты

1 лютага дзяржава нас парадавала 60-м указам "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнет". Шмат у чым гэты указ пазітыўны, кажа дырэктар ТUT.by.

Юрый Зісер: “Па-першае, пакладзены пачатак ліквідацыі манаполіі "Белтэлекама". Ва ўказе прэзідэнт пастанавіў зніжаць кошты на інтэрнэт, заклікаў паважаць аўтарскае права ў сетцы, дзяржструктуры атрымалі цэлыя пастановы, як яны павінны весці дзяржаўныя сайты”.

Пазітывам указу Юрый Зісер таксама назваў тое, што знялі адказнасць уладальнікаў сайтаў за выказванні саміх карыстальнікаў:

“Гадоў 10 таму такую памылку зрабіла Нямеччына: яны зрабілі так, што СМІ адказваюць за змест форуму. Закончылася тым, што проста ўсе СМІ закрылі ўсе форумы. Я не ведаю, хто ад гэтага выйграў… Таму ў нашым заканадаўстве такой памылкі няма, а якраз па-іншаму напісана”.

Пры гэтым Юрый Зісер адзначае, што ва ўказе засталіся шматлікія розначытанні і недакладныя фармулёўкі. З негатываў новай нормы ён таксама называе “абавязковую рэгістрацыю ўсяго” і тое, што ў інтэрнэт-кавярні цяпер можна трапіць толькі па прад'яўленні пасведчання асобы.

Юрый Зісер: “Я думаю, што гэта прывядзе да хуткага фінансавага краху нашых кавярняў. Таму што калі гэта спрабавалі зрабіць 10 год таму, было масавае банкруцтва. Гэта нерэальна, у нас проста не будзе інтэрнэт-кавярняў”.

Траціна беларускіх сайтаў дагэтуль не прайшла дзяржрэгістрацыю

Паводле словаў Юрыя Зісера, многія прыватныя ўладальнікі проста адмаўляюцца рэгістравацца:

“Яны кажуць: "А навошта нам гэта рэгістрацыя? Мы не будзем рэгістравацца". Але зараз рыхтуюцца папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс, а магчыма, і ў Крымінальны, якія ўвядуць за гэта адказнасць”.

З прыняццем указу пакуль што канца свету не адбылося, — аптымістычна адзначыў Юрый Зісер. Ад фільтрацыі інтэрнэту ў Беларусі, якой так баяліся карыстальнікі і эксперты, улады фактычна адмовіліся:

“Пакуль што дэ-факта нічога не фільтруецца”.

Праблемы

У Байнэце з 2006 года стала нашмат менш старых праблемаў — затое з’явіліся новыя.

Юрый Зісер: “Дарагога доступу даўно ўжо няма. Ліцэнзаванне дажывае апошнія месяцы… Інтэрнэт-гандаль у нас, дзякуй Богу, ёсць. Гэтае пытанне закрыта”.

На жаль, засталася поўная незацікаўленасць нашых прадпрыемстваў у беларускай рэкламе ўвогуле і ў інтэрнэт-рэкламе ў прыватнасці. Канкурэнцыя з сусветнымі рэсурсамі стала больш жорсткай. З’явіліся і новыя праблемы — гэта ўжо згаданае ўзмацненне дзяржманаполіі і рэгулявання. Таксама ў праблемы дадалося масавае парушэнне аўтарскіх правоў.

Юрый Зісер: “Тыя, хто працуе легальна, распаўсюджваюць легальны кантэнт, не могуць канкураваць з нелегальнымі распаўсюднікамі кантэнту”.

Рынак рэкламы

Быў прагноз, што рынак рэкламы вырасце на 15%, цяпер кажуць, што ён вырас да 29%, адзначыў Юрый Зісер. Паводле яго словаў, на TUT.by за 9 месяцаў адбыўся рост на 45%.  Але, тым не менш, гэта — капейкі:

“Гэта такія слёзы, на якія нельга развівацца. Гэта 80 цэнтаў на чалавека за год. У ЗША летась рынак інтэрнэт-рэкламы быў прыкладна 100 долараў на кожнага амерыканца. А ў нас 80 цэнтаў — гэта таму, што мы не зацікаўленыя ў продажы нашай прадукцыі”.


Як кажа Юрый Зісер, калі дзяржава не перагледзіць маркетынгавую палітыку, мы проста застанемся без беларускіх тавараў.

Нагадаем, што засталося яшчэ два дні канферэнцыі "Дзелавы інтэрнэт". У ёй прымаюць удзел спецыялісты ў сферы маркетынгу, новых тэхналогій, вэб-журналістыкі, распрацоўшчыкі сайтаў з Беларусі, Расіі ды Ўкраіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі