З крамаў знікаюць “Памперсы”, пральны парашок ды іншыя тавары бытавой хіміі

Тым часам на форумах беларусы скардзяцца на тое, што з прылаўкаў знікаюць многія тавары:

“Я вось тут спрабаваў “Памперсы” купіць… Карацей, пекла і халакост — няма “Памперсаў”. “Хагісы” пакуль у наяўнасці, але па шэрагу прычынаў яны нам не падыходзяць. “Прасторы”, “Буслікі", на рынку — “Памперсаў” няма, дакладней — у наяўнасці тое, што яшчэ не раскупілі”.

 

“Учора купляў праз інтэрнэт пральны парашок (Нямеччына). Крама пустая — замаўляць няма чаго. Па тэлефоне сказалі, што тавар заканчваецца, і завезці не могуць (няма валюты)”

 

Еўрарадыё абтэлефанавала шэраг крамаў — “Памперсаў” там сапраўды няма, а калі і ёсць — то ў абмежаванай колькасці.


Прастор: “Памперсаў”: няма. Ёсць Хагіс і ”Бэлла”.

Буслік у Баранавічах: “У нас у продажы падгузкі ёсць — “Хагіс”, і “Лібера”. “Памперсы” ёсць, але вытрымліваецца не ўвесь асартыментны шэраг. Апошнім часам стала меней”.

Буслік у Мінску: “Падгузкаў хапае. Менавіта “Памперсаў” няма”.

Імпарцёры хто як спрабуюць перажыць крызіс на валютным рынку краіны. І калі прадукты харчавання доўга “прытрымліваць” няма магчымасці, то пастаўшчыкі тавараў з доўгім тэрмінам захоўвання проста спыняюць сваю працу… Патлумачыў Еўрарадыё сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў:


“Завезці можна, можна аддаць у гандаль. Але цану пасля не зменіш, калі курс сыдзе… Зашмат нявызначанасці… А калі яна 2 месяцы будзе прадавацца? Ну, вы самі разумееце. Розніца вялікая — ці то тры тысячы, ці то 4200”.


Некаторыя фірмы надоўга спыніць сваю працу не могуць: трэба грошы, каб разлічвацца за арэнду, плаціць заробкі супрацоўнікам… Таму яны спыняюць адгрузкі на тыдзень-два, на колькі ёсць магчымасць… Сваімі цяжкасцямі з Еўрарадыё падзялілася адна з фірмаў-імпарцёраў бытавой хіміі.


“Тыдзень мы не працавалі, стаялі. Бо не разумелі, куды нам рухацца, якім чынам ацэньваць тавар… Мы ж імпарцёры, а якім будзе курс — было невядома. Цяпер мы тавар ацанілі, неяк выйшлі з гэтай сітуацыі, пачалі працаваць. Але справа ў тым, што рэшты на складзе ў нас няшмат. І невядома, ці зможам мы купіць валюту, каб заплаціць за наш тавар пастаўшчыкам…


Тавару на складзе ў нас хутка не будзе, ну і, напэўна, зноў будзем спыняцца, і зразумела, што будзем распускаць людзей”.


Спыніць продаж тавару цалкам, як робяць некаторыя імпарцёры, гэтая канкрэтная фірма не мае магчымасці:

“Мы невялікая арганізацыя і не можам спыніцца на 100%. Нам трэба плаціць за арэнду склада, арэнду офісу. Нам трэба хоць нейкія паступленні на рахунак, каб мы маглі пакрыць свае пазыкі. Зноў-такі нейкая частка супрацоўнікаў распушчаная, але засталіся тыя, хто працуе ў офісе, на тэлефоне, ці бухгалтэрыя… Ім усё адно трэба плаціць заробак. Хто можа спыняцца, тыя спыняюцца… У нас няма такой магчымасці, таму мы распрадаемся, каб хоць неяк выжываць”.


Тыя, хто спыніць адгрузку тавараў не можа, вымушаныя павышаць кошты, каб хоць неяк выжыць:

“Натуральна, што мы цяпер трошку паднялі кошты на свае тавары, і думаю, што правільна зрабілі. Мы невялікая кампанія, наша прадукцыя не рэкламуецца па тэлебачанні, гэта не сусветнавядомыя брэнды. І калі мы ў 2 разы, ці нават на 50%, падымем цэны, мы цудоўна разумеем, што нашая прадукцыя не будзе купляцца. Таму цана ў нас прымальная. Але працэнтаў на 20-30 вырасла”.


Нагадаем, што днямі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў “выраўнаваць сітуацыю па валюце”. Курс — гэта справа некалькіх дзён, можа быць, тыдня, адзначыў кіраўнік краіны. Пры гэтым папрасіў на яго не крыўдаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі