Заробак хакеіста клуба “Ліда” — каля... тысячы долараў!
Гэта мала, бо хакеісты з нацыянальнага чэмпіянату ў сярэднім зарабляюць прыблізна 5 тысяч долараў.
На выканкаме Федэрацыі хакея адной з галоўных прычын правалу зборнай на чэмпіянаце свету назвалі… высокія заробкі беларускіх хакеістаў.
"Добрае фінансаванне, добрыя фінансавыя ўліванні ў асобныя хакейныя клубы, але практычна жабрацкае існаванне іншых хакейных клубаў — такога быць не павінна ў рамках выканання аднаго і таго ж указа прэзідэнта. Гэта ненармальна”, — адзначае кіраўнік хакейнай федэрацыі Яўген Ворсін.
Ці сапраўды беларускія хакеісты салодка жывуць?
“Зараз ужо далі заробак за палову красавіка. Яшчэ вінны за два месяца, таксама прэміі і адпускныя”, — распавядае Еўрарадыё варатар ХК "Ліда" Аляксей Брыш.
У мінулым сезоне “Ліда” заняла 6-е месца з 11 каманд. Старшыня клуба Аляксандр Крыскін прызнае праблемы. А выкліканыя яны… указам прэзідэнта “Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту”.
Аляксандр Крыскін: “Зразумейце, указ прэзідэнта набыў моц толькі 1 студзеня. І калі перазаключалі кантракты на спонсарскую дапамогу, на ўзгадненне з канцэрнамі, холдынгамі, натуральна, быў патрэбны час”.
Паводле слоў Аляксандра Крыскіна, сярэдні заробак у “Лідзе” складае каля... тысячы долараў. У той час як згодна з інфармацыяй “Прэсбола” сярэдні заробак у беларускім хакейным чэмпіянаце складае каля 5 тысяч долараў. У Наваполацку пра такія грошы могуць толькі марыць: у красавіку гульцы мясцовага "Хіміка-СКА" атрымалі па 1,2 мільёна рублёў. Затое Андрэй Спірыдонаў з чэмпіёна краіны, жлобінскага “Металурга”, атрымоўвае 7 тысяч долараў у месяц.
Зараз у Беларусі хочуць вызначыць столь заробкаў у 75 тысяч долараў на каманду ў месяц. Але ў 2008 годзе ўжо спрабавалі выратаваць беларускі хакей абмежаваннем заробкаў. Тады зрабілі максімум у 130 тысяч долараў на каманду. Відаць, не дапамагло.
“Усе бонусы не ўваходзілі ў гэтую столь, таму клубы прымудраліся яшчэ плаціць прэмію столькі ж, як і заробак. Калі зноў пачнуць нешта выдумваць, то карысці з таго не будзе”, — тлумачыць эфектыўнасць галоўны рэдактар “Прэсбола”Уладзімір Беражкоў.
Ён кажа, што маладыя хакеісты ўвогуле мусяць быць без заробку. І прыводзіць у прыклад Моладзевую хакейную лігу, дзе некаторыя маладыя гульцы плацяць свае грошы, каб проста быць у складзе і калі-небудзь вырасці ў хакеістаў.
Уладзімір Беражкоў: “Калі на цябе не ходзяць гледачы, клуб не зарабляе, а ты ўжо ў 18 гадоў хочаш атрымоўваць 2-3 тысячы долараў і на гэтым скончыць свой рост — навошта гэта ўсё патрэбна? Проста патрэбны строгі кантроль, патрэбная дыктатура, антыкрызіснае кіраванне, якое б кантралявала расходаванне сродкаў і бюджэты”.
Варта дадаць, што гулец галоўнага клуба краіны, мінскага “Дынама”, атрымоўвае ў сярэднім 22,3 тысячы долараў за месяц. Гэта крыху больш за месячны фонд заробкаў у клубе “Ліда”, які складае 20 тысяч долараў.
Арыентыровачныя заробкі хакеістаў АЧБ ($)*:
Андрэй Спірыдонаў (“Металург”) | 7000 |
Алег Цімчанка (“Юнацтва”) | 6000 |
Максім Слыш (“Юнацтва”) | 4000 |
Павел Развадоўскі ("Шахцёр") | 4000 |
Яўген Саламонаў (“Гомель”) | 4000 |
Андрэй Коласаў (“Гомель”) | 3500 |
Арманд Берзіньш (“Юнацтва”) | 3400 |
Уладзіслаў Клачкоў (“Юнацтва”) | 3100 |
*- інфармацыя газеты “Прэсбол”
Фота: hcshahter.by