Жыхары Глыбокага дамагаліся капрамонту 8 гадоў
Каб рамонтныя работы ўсё ж распачаліся, спатрэбіўся збор подпісаў і сустрэча з кіраўніком ЖКГ.
Жыхары дома №142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім дамагліся ад уладаў правядзення капітальнага рамонту дома. Работы ідуць ужо трэці месяц. Каб давесці, што рамонт сапраўды патрэбны дому, спатрэбілася 8 гадоў.
Сам дом быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1973 годзе. З таго часу да сённяшняга дня жыхары штомесяц сплачвалі грошы ў фонд капрамонта, аднак будынак так і не аднаўлялі. Тады жыхары сабралі больш за 30 подпісаў у мясцовы ЖКГ, расказвае жыхарка дома № 142 Таццяна Трызна:
"Настолькі цяжкае становішча было ў доме: і каналізацыя кепска працавала, і брылі на ганках ледзь трымаліся. Нават баяліся дзяцей на вуліцу выпусціць, каб шкло з гнілых рам на іх не завалілася. І напісалі мы заяву на імя кіраўніка райвыканкама, а адначасова сабралі подпісы ў ЖКГ.
У адказ на звароты жыхары дома атрымалі чарговую адпіску з ЖКГ, і іх гэта вельмі абурыла. Тады яны запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам камунальнікаў".
Сустрэча з кіраўніцтвам ЖКГ адбылася ў студзені. Сярод іншых на сходзе прысутнічалі кіраўнік ЖКГ Андрэй Шымковіч, які паабяцаў жыхарам адрамантаваць брылі дома, замяніць цеплавыя сеткі і электраправодку, і па магчымасці, замяніць вокны. Праўда, новыя вокны на палову мусяць аплаціць людзі.
Аднак жыхары дома радыя сваёй перамозе. Каб дамагчыся выканання сваіх правоў, перш за ўсё трэба пра свае правы ведаць, кажа жыхарка Таццяна Трызна. Пра тое, што ЖКГ абавязаная зрабіць капрамонт дома, яна даведаліся з буклетаў і газеты “Наш Дом”, якую раскідалі ім валанцёры арганізацыі па паштовых скрынях, працягвае Таццяна Трызна:
"Людзі, якія бяруцца за гэтую справу, павінны быць у некаторай ступені граматнымі: я карысталася газетамі і буклетамі “Наш дом”, якія раскідалі нам па паштовых скрынях. Я прачытала пра новы закон аб абавязках ЖКГ, як змагацца за свае правы і патрабаваць ад ЖКГ выканання тых ці іншых нормаў".
Варта дадаць, што сваё слова кіраўнік камунальнай гаспадаркі стрымаў. Рамонтныя работы пачаліся практычна адразу пасля сходу.
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма