Жыхары Горак, якія праваліліся пад плітку, хочуць кампенсацыі
Муж з жонкай праваліліся ў яму з вадой, якая была пад тратуарнай пліткай, і цяпер лякуюцца.
Сямейная пара з Горак Павел і Алеся Смаргуновы 4 студзеня, вяртаючыся дадому, праваліліся пад зямлю ў двухметровую яму з вадой. Плітка на тратуары, якую летась паклалі перад “Дажынкамі”, проста сышла з-пад ног, і муж з жонкай апынуліся ў яміне. Алеся Смаргунова расказвае, што ў яме было па калена вады. Расказала Еўрарадыё пацярпелая:
“Як нам патлумачылі, у тым месцы, дзе мы праваліліся, тры калодзежы. У аднаго з іх не вытрывала труба, альбо яе няправільна зварылі, і вада пачала сцякаць. Другі калодзеж не прымаў ваду, і яна пачала там збірацца і падмываць зямлю пад гэтай пліткай”.
Міліцыянты, якія прыехалі на месца здарэння, пачалі праводзіць апытанне пацярпелых, і замест таго, каб зрабіць гэта ў цёплым месцы, яны пратрымалі іх мокрымі амаль дзве гадзіны на марозе. Акрамя таго, у Алесі Смаргуновай на фоне стрэсу з’явіліся галавакружэнні, галаўныя болі, млосць і іншыя непрыемныя сімптомы. На гэтым тыдні жанчыну змясцілі ў Магілёўскую абласную псіхіятрычную лякарню. Неўрапатолаг паставіў дыягназ астэахандроз. Дыягназ псіхатэрапеўта — "вострая рэакцыя на стрэс".
У мясцовым гарвыканкаме пацярпелай сказалі, што вінаватыя прадстаўнікі цеплаэнэргетыкі, і яны гатовы кампенсаваць панесеныя маральныя і матэрыяльныя страты. Для гэтага трэба агучыць суму кампенсацыі. Павел і Алеся Смаргуновы вырашылі з гэтым пачакаць, паправіць сваё здароўе і ўжо пасля, з улікам лячэння, выставіць рахунак гэтай арганізацыі. Працягвае Алеся Смаргунова:
“Канешне, нам хацелі адразу выплаціць кампенсацыю, каб як мага меней людзей ведала пра здарэнне, зрабіць гэта хутка і ціха. Аднак гэта зрабіць так не атрымалася, бо там было шмат людзей. Расказвалі, што ёсць фотаздымак, як мой муж вылазіць з гэтай ямы. Гэты здымак вельмі хутка распаўсюдзіўся праз інтэрнэт”.
Жанчына дадала, што ў суд яны будуць звяртацца толькі ў тым выпадку, калі сума маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі будзе мізэрнай.
Рубрыка Самаабарона спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”.