Зміцер Вінаградаў: Гатовы даць року!

Еўрарадыё: Ці спадзяваліся вы на выхад у фінал конкурсу?


Зміцер Вінаградаў: Так, вядома спадзяваўся, бо была праведзеная вялікая праца. Але ўпэўненасці не было — побач стаялі даволі моцныя канкурэнты з таленавітымі творамі. Ну, калі так атрымалася, значыць, штосьці ў гэтай песні ёсць, і недарэмна ўсё было зроблена.


Еўрарадыё: Па выніках галасавання вы значна апярэдзілі канкурэнтаў у туры. Якім чынам агітавалі за сябе слухачоў?


Зміцер Вінаградаў: Усё было вельмі проста: заклікі ў сацыяльных сетках зайсці, паслухаць і прагаласаваць, хаця б за таго, хто спадабаўся. Але маштабнай агітацыі не было. Таму тым больш прыемна, што ўсё атрымалася.


Еўрарадыё: Вызначаныя ўсе 4 фіналісты конкурсу “КЛІПзаМОВА”. Як вы лічыце, ці ёсць у вашай песні шанец абыйсці іншыя песні і выйграць конкурс? І ці гатовы вы даць джазу ў клубе Re:Public?


Зміцер Вінаградаў: Гатовыя даць року, вядома! Мяркую, што з фінальнай чацвёркі найвялікшыя шансы на перамогу маюць :B:N:. Яны найбольш вядомыя з усіх нас. Але ўсё ж хочацца так сціпла паспадзявацца, што і ў мяне ёсць шанцы. Песня “Новы век”, якая была ў “КЛІПзаМОВЕ”, зробленая на прафесійным узроўні, і, як мне падаецца, з пункту гледжання кампазітарскага таксама неблагая.


Еўрарадыё: Прынамсі у Мінску вас ведаюць больш як музыку гомельскага гурта “Бан-Жвірба”. Як даўно вы займаецеся сольнай творчасцю?


Зміцер Вінаградаў: Сольна я выступаю вельмі даўно, года з 1996-га, з часоў, калі браў удзел у бардаўскай восені і выйграваў конкурсы ў межах розных падобных фэстаў. На пачатковым этапе гэта было даволі цікава, але я заўсёды хацеў граць у гурце. І калі пачаўся “Homo erectus”, а потым “Бан-Жвірба”, я перакінуўся на сумесную дзейнасць. Аднак паралельна пісаў свае песні і выдаў 2 бардаўскіх альбомы. Цяпер мне захацелася зрабіць альбом такога кшталту, які б мяне задавальняў як рок-выканаўцу. І вось, у пласцінцы, якая цяпер рыхтуецца, будуць песні такога напрамку, як “Новы век”. І, нарэшце, спадзяюся заявіць пра сябе не толькі ў Гомелі, а і ў Мінску, бо гэты музычны кірунак быў заўсёды важным для мне. А ў “Бан-Жвірбе” па-ранейшаму бяру ўдзел. Гурт мае планы на будучыню.


Еўрарадыё: Хто вам дапамагае ў сольным праекце?


Зміцер Вінаградаў: Пакуль ролю кампазітара, аранжыроўшчыка, часткова гукарэжысёра выконваю я сам. Дапамагаў у запісе бубнаў мне мой добры сябра Артур Сцяпанаў, які займаецца і звядзеннем альбома. Бас-гітарыстам выступіў басіст “Бан-Жвірбы” Уладзімір Перагудаў. Вось гэтым двум людзям хочацца выказаць вялікую падзяку за ўнёсак у будучы альбом.


Еўрарадыё: Калі чакаць гэты рэліз?


Зміцер Вінаградаў: Безумоўна, мне б хацелася, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Альбом знаходзіцца на апошняй стадыі звядзення. Таму праз месяц-два ўсё будзе гатова.


Еўрарадыё: Ваша песня-канкурсантка называецца “Новы век”. Гэта песня-мара? Калі ён прыйдзе?


Зміцер Вінаградаў: Гэта песня пра тое, што хацелася б бачыць. Ці надыдзе гэты новы век — пытанне застаецца рытарычным — у песні таксама адказу няма. Адзінае, чаго мы можам чакаць — таго, што дае нам жыццёвыя сілы.

Фота: nashkraj.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі