РПЦ называе забарону біць дзяцей у сям'і парушэннем Свяшчэннага Пісання
Патрыяршая камісія па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства зрабіла заяву, што папраўка аб крымінальным пакаранні за пабоі ў дачыненні да сваякоў супярэчыць вучэнню праваслаўнай царквы.
У заяве РПЦ гаворыцца, што святое пісанне і Святая Традыцыя “разглядаюць магчымасць разумнага і любоўнага выкарыстання фізічных пакаранняў у якасці неад’емнай часткі ўсталяваных самім Богам правоў бацькоў”.
На думку прадстаўнікоў царквы, папраўка "не мае маральных апраўданняў і юрыдычных падставаў, па сваім змесце накіраваная супраць сям'і і прынятага ў расійскай культуры разумення правоў бацькоў, дыскрымінацыйная, супярэчыць асноўным прынцыпам разумнай дзяржаўнай сямейнай палітыкі і не ўлічвае традыцыйныя сямейныя і маральныя каштоўнасці расійскага грамадства".
РПЦ адзначыла, што мае на ўвазе толькі тыя фізічныя пакаранні, якія не шкодзяць здароўю дзяцей.
Напрыканцы чэрвеня Дзярждума Расіі прыняла закон, па якім за збіццё, якое не нанесла шкоды здароўю і было ўчыненае ўпершыню, будуць прыцягваць толькі да адміністрацыйнай адказнасці. Разам з тым захоўваецца крымінальнае пакаранне за пабоі, нанесеныя сваякамі, а таксама за пабоі па матывах нянавісці і з хуліганскіх намераў, паведамляе meduza.io.