Рух у раёне абваленага моста на Нямізе будзе закрыты да 10 лютага
Аднавіць рух па пуцеправодзе мінскія ўлады разлічваюць цягам месяца / @minskiygorispolkom
Рух у раёне абваленага моста на вуліцы Няміга ў Мінску будзе закрыты да 23 гадзін 10 лютага. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Мінгарвыканкама. Тэкст дакумента апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Амаль на месяц "уводзіцца часовая забарона руху" транспарту на наступных участках дарог:
- па вуліцы Леніна ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Няміга;
- па праспекце Пераможцаў ад вуліцы Няміга да вуліцы Мельнікайтэ;
- па вуліцы Няміга ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Леніна;
- па вуліцы Максіма Багдановіча ад вуліцы Леніна да вуліцы Янкі Купалы.
Нагадаем, пешаходная частка моста над вуліцай Няміга абрынулася ў ноч на 8 студзеня. Ніхто не пацярпеў. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай здарэння стала "стомленасць" канструкцыі, уплыў на яе вібрацыі ад працы метро і частыя перапады тэмпературы паветра. Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы. Артыкулы — "службовая халатнасць" і "парушэнне праектаў, абавязковых для выканання патрабаванняў пры ажыццяўленні будаўніча-мантажных работ".
Гэты мост быў пабудаваны ў 1962 годзе. У 2017-м быў праведзены касметычны рамонт, а ў мінулым годзе рабілася тэхнічнае заключэнне з нагоды апорнай канструкцыі. Галоўны вывад: яна знаходзіцца ў нармальным стане.
Мост ужо разабралі. Мінскія ўлады плануюць аднавіць яго цягам месяца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.