"Руская мова ў Латвіі не стане дзяржаўнай ні ў якім выпадку"
18 лютага ў Латвіі адбудзецца рэферэндум па наданні рускай мове статусу дзяржаўнай. Сітуацыю аналізуе міжнародны журналіст Андрэй Елісееў
Еўрарадыё: Латвія 20 гадоў незалежная, чаму менавіта зараз вырашылі правесці рэферэндум?
Андрэй Елісееў: Гэтае пытанне спела, бо перыядычна ўзнікалі нейкія непаразуменні паміж дзвюма суполкамі – латышскамоўнай і расійскамоўнай. Я б сказаў, што гэта своеасаблівая поўха ці адказ расійскамоўнай часткі грамадства на нядаўнія парламенцкія выбары. У верасні адбыліся парламенцкія выбары і на іх фактычна перамагла партыя, за якую галасавалі пераважна расійскамоўныя грамадзяне – “Цэнтр згоды”. Яна набрала амаль 30%, больш чым любая іншая, але ўсё адно не патрапіла ва ўрад, бо ўсе астатнія партыі, за якія галасавалі этнічныя латышы, аб’ядналіся і стварылі кааліцыю. Такім чынам, фактычна не былі ўлічаныя галасы вялізнай колькасці расійскамоўнага грамадства. Адразу пасля гэтых выбараў грамадскае аб’яднанне “За родной язык” і высунула гэтую ініцыятыву наконт рускай мовы як другой дзяржаўнай.
Еўрарадыё: Зараз латышы зноў аб’яднаюцца і прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць за латышскую мову?
Андрэй Елісееў: Так, зараз усе правыя латышскія партыі заклікаюць прыйсці і прагаласаваць супраць расійскай мовы. Тут пытанне збольшага псіхалагічнае. У любым выпадку латышскамоўная частка грамадства можа заставацца дома і нікуды не хадзіць, і ўсё роўна руская мова не стане дзяржаўнай, таму што рэферэндума не выйграе. Справа ў тым, што па латышскай канстытуцыі трэба каб 50% выбарцаў падтрымалі пытанне, прагаласавалі “за”. Этнічных латышоў больш за 50%. Гэта азначае, што, нават калі ўсе астатнія прыйдуць і прагаласуюць за рускую мову, то 50% не набярэцца.
Нават латышскі прэм’ер акцэнтуе на гэтым увагу: уявім сабе, што латышы праігнаруюць рэферэндум, прыйдуць расійскамоўныя грамадзяне, якія збольшага падтрымаюць мову. Такім чынам, 50% не будзе, руская мова не стане дзяржаўнай ні ў якім выпадку, але тады расійскамоўныя СМІ і палітыкі будуць казаць, што большасць тых, хто прыйшлі, прагаласавалі за рускую мову. Таму латышскія партыі спахапіліся і сталі ўсіх запрашаць прыйсці і прагаласаваць супраць расейскай мовы. Тут, канешне, даволі шмат пафасу. Вядомы мецэнат, латышскі мільянер Віліс Вітас параўнаў гэта з падзеямі 1991 года, сказаў, што латышы знаходзяцца амаль на барыкадах. Шмат хто з палітыкаў кажа, што гэтае пытанне настолькі ж важнае, як і незалежнасць Латвіі.
Еўрарадыё: Арганізацыя правядзення рэферэндуму абыйдзецца дзяржаўнаму бюджэту ў 1700 тысяч латаў?
Андрэй Елісееў: Больш за тое, прэм’ер-міністр Латвіі і палітыкі з латышскіх партый выступаюць за тое, каб можна было з дзяржаўнага бюджэта выдзеліць грошы на агітацыю за латышскую мову. Яшчэ не вызначанае ў прававым сэнсе пытанне, ці можна ўзяць з бюджэта сродкі, каб агітаваць за адзін з варыянтаў адказу на пытанне рэферэндума. Тут вельмі далікатная сітуацыя для Латвіі: паводле канстытуцыі ў краіне адна дзяржаўная мова, фундамент дзяржаўнасці. І з аднаго боку – чаму б і не выдзеліць бюджэтныя грошы, каб падтрымаць гэты фундамент. Але з іншага боку, зараз ідзе справа пра рэферэндум аб змене канстытуцыі. Ці можна такім чынам сыграць на руку аднаму варыянту, а не другому…