СААЗ хоча ўнесці прэпараты супраць атлусцення ў "спіс асноўных лекаў"
Каля 1,3 мільярда чалавек у свеце маюць залішнюю вагу / pixabay.com
У "спіс асноўных лекаў" Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўпершыню могуць унесці прэпараты, якія змагаюцца з атлусценнем. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на крыніцы ў ААН. Пытанне разгледзяць у красавіку, а абноўлены спіс асноўных лекаў павінен быць прадстаўлены ў верасні.
"Атлусценне становіцца ўсё больш сур'ёзнай праблемай аховы здароўя ў многіх краінах", — кажа прадстаўнік СААЗ. Па дадзеных арганізацыі, больш за 650 мільёнаў дарослых людзей ва ўсім свеце пакутуюць ад атлусцення. Гэта ў тры разы больш, чым у 1975 годзе. Акрамя таго, яшчэ прыкладна 1,3 мільярда маюць залішнюю вагу. І большасць з іх — 70% — жывуць у краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу.
Уключэнне лекаў ад атлусцення ў спіс асноўных лекаў СААЗ можа паўплываць на сітуацыю, лічаць эксперты. Reuters нагадвае, што даданне лекаў ад ВІЧ у гэты спіс у 2002 годзе дапамагло зрабіць іх значна больш даступнымі для хворых на СНІД у больш бедных краінах. Пры гэтым агенцтва прыводзіць меркаванне і іншых экспертаў, якія па-ранейшаму перакананыя, што ў выпадку атлусцення важна не столькі лячэнне, колькі прафілактыка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.