Сабраныя за Лябедзьку подпісы здаваць не будуць, "каб не дапісалі чужога"
За палітыка яго ініцыятыўная група сабрала толькі каля 70 тысяч подпісаў пры неабходных для рэгістрацыі 100 тысячах.
У розных рэгіёнах Беларусі яшчэ працягваецца падлік подпісаў, сабраных за вылучэнне лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі кандыдатам у прэзідэнты. Па словах кіраўніка выбарчага штаба Льва Марголіна, ужо вядома, што неабходныя 100 тысяч подпісаў яны не сабралі. Таму нават здаваць падпісныя аркушы ў выбарчыя камісіі не будуць.
Марголін: “Не панясём, бо могуць быць розныя варыянты, можа быць варыянт 2010 года. Памятаеце, як было ў 2010 годзе, як Лукашэнка казаў: “Яны ж подпісы нават не маглі сабраць — мне давялося з імі дзяліцца”. Вы думаеце гэта былі простыя словы? Гэта было на самой справе так: нехта аднёс 80, а Ярмошына потым сказала, што ў яго 100 тысяч. Нам гэта не патрэбна”.
Нягледзячы на тое, што Лябедзька сыходзіць з выбарчай дыстанцыі, АГП будуць працягваць удзел у кампаніі — прапаноўваць сваю праграму “1 мільён новых працоўных месцаў” усім жадаючым. “У тым ліку і кіраўніку дзяржавы”, — кажа Марголін. А вось падтрымліваць Таццяну Караткевіч, у выпадку яе рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, АГП наўрад ці будзе. Найперш таму, што ў гэтай партыі, як і ў партыі “Справядлівы свет”, не вельмі вераць, што яна сапраўды здолела сабраць 100 тысяч подпісаў. І падазраюць вылучэнку ад “Народнага рэферэндуму” ў здзелцы з уладай.
Апроч таго, кажа Марголін, ім вельмі не падабаюцца заявы Караткевіч пра згоду працаваць у прэзідэнцкай адміністрацыі на любой пасадзе, пра тое, што “яна ідзе на выбары, каб дапамагчы ўладзе вырашыць пытанні “Народнага рэферэндуму”, што “двухмоўе было прынятае на рэферэндуме”. “І шмат яшчэ якіх выказванняў, якія не дазваляюць нам падтрымаць Караткевіч”, — падсумоўвае Марголін.
Нагадаем, 21 жніўня, падводзячы вынікі кампаніі па зборы подпісаў, старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін заявіў, што “ніводная кампанія, за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі, не сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў”. Больш за тое, па словах Калякіна, калі каманда Караткевіч “пойдзе на здзелку з сумленнем і з уладай”, то яны не будуць больш разглядаць “Гавары праўду” як дэмакратычную арганізацыю і спыняць з ёй усялякія палітычныя кантакты.
Фота: Еўрарадыё