Санаторый "Беларусь" у Латвіі не трапіў пад санкцыі ЕС
Санаторый "Беларусь" у латвійскай Юрмале пазбег санкцыяў Еўрасаюза — у адрозненне ад аналагічнага санаторыя ў літоўскім Друскінінкаі, піша delfi.lt.
Як паведамлялася раней, літоўскі банк Swedbank, выконваючы рашэнне ЕС па санкцыях, заблакаваў рахункі санаторыя "Беларусь" у Друскінінкаі. Улады Літвы прымалі меры па дапамозе супрацоўнікам санаторыя: ім выплацілі аднаразовую дапамогу па звальненні.
А санаторый "Беларусь" у Юрмале працягвае прымаць пацыентаў. Адзіная ўмова — наяўнасць адмоўнага тэсту на Covid-19.
Паведамляецца, што юрмальскі санаторый пазбег санкцыяў дзякуючы юрыдычным нюансам. У прэс-службе МЗС Латвіі ўдакладнілі, што іх санаторый належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі, а літоўскі — Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню (ГГУ) Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Санкцыі ж былі накладзеныя, маўляў, толькі на ГГУ.
"Трэба ўлічваць, што фінансавыя абмежаванні з-за санкцый устаноўленыя толькі ў дачыненні да канкрэтных асоб, а не дзяржавы ў цэлым", — кажуць у МЗС Латвіі.
Пры гэтым прадстаўнік Камісіі рынку фінансаў і капіталу Айя Брыкшэ сказала журналістам, што юрмальскі санаторый трапіў у поле зроку камісіі, але падрабязнасці расследавання не паведамляюцца.
Санкцыі ЕС былі ўведзеныя за масавыя фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і тэрор супраць мірных пратэстоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.