Санкцыі будуць, пакуль Лукашэнка не зменіць падыход — кіраўніца МЗС Канады

Лукашенко вытирает лоб

Аляксандр Лукашэнка / Getty Images

Канада яшчэ ў 2021 годзе ўвяла сектаральныя санкцыі супраць імпарту беларускіх калійных угнаенняў. Але пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну шэраг краін, а таксама кіраўніцтва ААН пачалі лабіяваць выключэнне калію з санкцыйных спісаў. Маўляў, дзеля харчовай бяспекі. Ці плануе Канада зняць гэтыя санкцыі?

Еўрарадыё спытала міністарку замежных спраў Канады Мелані Жалі.

“Мы захавалі гэтыя санкцыі, бо, па-першае, мы верым у іх. А па-другое, мы лічым, што яны працуюць. Разам з тым, з нашага боку мы працягнулі падтрымку многіх краін праз Сусветную харчовую праграму, бо менавіта гэта і было праблемай — адсутнасць харчовай бяспекі. Мы таксама паклапаціліся пра тое, каб павялічыць экспарт калійных угнаенняў”.

Спадарыня Жалі дадала: Канада паклапацілася,  каб вырашыць праблемы харчовай бяспекі многіх краін Афрыкі і Блізкага Усходу.

“І мы працягнем аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі з дапамогай эканамічных санкцый, і ўгнаенні — асноўная сфера, у якой мы працягнем уздзейнічаць”, — адзначыла міністарка.

Таксама Канада не прымае аргументаў пра тое, што перамовы могуць быць лепшымі за санкцыі ў кантэксце лукашэнкаўскага саўдзелу ў пуцінскай вайне.

“Пакуль гэта не зменіцца і пакуль Беларусь не зменіць свой курс, мы працягнем аказваць такую форму ціску. На дадзены момант, мы  ўжо ўвялі абмежаванні супраць больш чым сотні людзей і арганізацый. І думаем, што гэта працуе.

Мы думаем, што можам увесці больш санкцый у дачыненні да большай колькасці людзей і арганізацый. Мы будзем працаваць, вядома, разам з ЕС, ЗША і іншымі краінамі G7 для ўвядзення гэтых абмежаванняў”.

Кіраўніца МЗС Канады дадала: “Пакуль Лукашэнка не зменіць свой падыход да падтрымкі Пуціна і яго незаконнай вайны, мы будзем прытрымлівацца нашага падыходу”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі