"Санкцыйны шабаш" — у МЗС пракаментавалі арышт рахункаў санаторыя "Беларусь"

Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі / eurokurort.by​
Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі / eurokurort.by​

Літоўскі бок наносіць прамую і відавочную шкоду "простым беларусам, за дабрабыт якіх яны, нібыта, выступаюць", заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы арышт рахункаў санаторыя "Беларусь" у літоўскім Друскінінкаі.

Рахункі санаторыя аказаліся замарожаныя з-за санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Прэзідэнта Беларусі — уладальніка "Беларусі".  

Глаз нагадаў, што ў "Беларусі" праходзяць рэабілітацыю ў тым ліку і беларускія дзеці-інваліды.

"Там штогод праходзяць лячэнне больш за 13 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 6,5 тысяч дзетак. Літоўскі бок разам з ініцыятарамі санкцыйнага пакета зможа адказаць перад кожным з іх і даць кампенсацыю?" — сказаў Глаз.

Ён таксама заявіў, што "пад санкцыйны шабаш нашых літоўскіх партнёраў" трапляюць не толькі беларускія грамадзяне, але і літоўцы. Пераважная большасць з амаль 400 супрацоўнікаў — гэта літоўскія грамадзяне. Акрамя таго, "Беларусь" "рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку асноўных падаткаплацельшчыкаў Друскінінкая", нагадаў Глаз.

Літоўскія ўлады ўжо заявілі, што абдумваюць, як дапамагчы супрацоўнікам санаторыя "Беларусь" у Друскінінкаі.  У прыватнасці прэс-сакратар міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса Вітаўце Шмайжытэ падкрэсліла, што супрацоўнікаў падтрымаюць "без дапамогі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі