Савет бяспекі агучыў версію, чаму беларусаў абавязалі ехаць па пашпарты ў РБ

Беларускія пашпарт і ID-карта

Беларускія пашпарт і ID-карта / БЕЛТА

Указ Аляксандра Лукашэнкі, які абавязвае беларусаў атрымліваць або мяняць пашпарты толькі ў РБ, быў прыняты "для аптымізацыі ўдасканалення адміністрацыйных працэдур і парадкавання дзеянняў нашых дыпламатычных прадстаўніцтваў". Гэта заявіў у эфіры СТБ першы намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі Павел Муравейка.

Паводле Муравейкі, краіна не адмаўляецца ад сваіх грамадзян, гатовая садзейнічаць у вырашэнні пытанняў — "проста змяніўся механізм". Што да белаарусаў, якія не могуць прыехаць у Беларусь праз пагрозу рэпрэсій, то Муравейка лічыць, што яны "павінны панесці пакаранне".

“Калі вы раскаяліся, прыязджайце, існуе пэўны механізм. Праз камісію пры Генеральнай пракуратуры ўсё будзе разгледжанае, аб'ектыўна, празрыста. Не хочаце прыязджаць? Не прыязджайце", — заявіў Муравейка.

Нагадаем, указ Лукашэнкі "Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў" набыў моц у пачатку верасня. Згодна з гэтым дакументам, выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой, будуць органы ўнутраных спраў альбо МЗС. У любым выпадку па дакумент давядзецца прыехаць у РБ. Гэта становіцца сур'ёзнай праблемай для многіх беларусаў, вымушаных з'ехаць з краіны праз рэпрэсіі. Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў не паддавацца паніцы, адзначыла, што "ні адзін дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды". Цяпер ідзе пошук спосабаў вырашэння і перамовы наконт магчымасцяў легалізацыі беларусаў, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта.

ААН заклікала Лукашэнку перагледзець гэты ўказ, бо ён "рызыкуе парушыць правы тысяч беларусаў у выгнанні, у тым ліку права на свабоду перамяшчэння".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі