Сенат ЗША зацвердзіў Джулі Фішэр амбасадарам у Беларусі
Будынак Кангрэса ЗША / Reuters
Сенат Кангрэса ЗША зацвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду новага амбасадара ў Мінску. Рашэнне было прынята аднагалосна. Трансляцыю пасяджэння можна было назіраць на сайце верхняй палаты амерыканскага парламента.
Кангрэс разглядаў кандыдатуры паслоў у дзве краіны — Беларусь і Джыбуці, гэта дзяржава ва Ўсходняй Афрыцы.
"[Абодзве] кандыдатуры зацверджаны", — абвясціў сэнатар Пэт Робэртс, які быў старшынёй на пасяджэнні.
Амерыканскае дыппрадстаўніцтва працуе ў Мінску без амбасадара ўжо каля 12 гадоў. Амбасадары — беларускі з Вашынгтона і амерыканскі з Мінска — былі адкліканы на ўзаемнай аснове ў 2008 годзе. Аб магчымасці вяртання кіраўнікоў дыпмісій бакі загаварылі ў мінулым годзе.
У траўні 2020 года прэзідэнт Дональд Трамп унёс на зацвярджэнне Сената кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадара Злучаных Штатаў у Беларусі. А ў ліпені Аляксандр Лукашэнка прызначыў беларускага амбасадара ў ЗША. Ім стаў на той момант намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
Пасля выбараў у амерыканскіх чыноўнікаў неаднаразова пыталіся, ці прыедзе амэрыканскі амбасадар у Мінск на фоне пратэстаў і жорсткай пазыцыі ЗША ў адносінах да дзеючай беларускай улады. У сярэдзіне верасня першы намеснік дзяржсакратара Стывен Біган казаў, адказваючы на гэтае пытанне, што ЗША не плануюць адмаўляцца ад адпраўкі амбасадара ў Беларусь. У лістападзе гэтае ж пытанне задавалі намесніку памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джорджу Кенту. Ён сказаў, што канчатковага рашэння пакуль няма, пытанне будзе разгледжана пасля зацвярджэння Сенатам кандыдатуры Фішэр.
Да прызначэння на пасаду амбасадара ў Беларусі Джулі Фішэр працавала намеснікам памочніка дзяржсакратара па справах Заходняй Еўропы і ЕС. На слуханнях у Камітэце па замежных справах Сената, дзе разглядалася яе кандыдатура, яна казала пра неабходнасць адкрыцця ў Мінску Амерыканскай гандлёвай палаты, а ў Вашынгтоне — амерыкана-беларускага дзелавога савета, а таксама выступала за прыпыненне некаторых санкцый. Праўда, гэта выступленне было да выбараў — у пачатку жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.