Прызначаны амбасадар Беларусі ў ЗША
20 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў амбасадара ў ЗША, паведамляе Telegram-канал "Пул Першага". Амбасадарам стаў былы намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
Дыпламат ужо працаваў на "амерыканскім напрамку": у 2007-2008 гадах ён быў дарадцам белаурскай амбасады ў Штатах, а ў 2008-2014 гадах быў часовым павераным у справах Беларусі ў ЗША.
Беларускага амбасадара ў Злучаных Штатах не было 12 гадоў, як і амерыканскага ў Беларусі.
Пра аднаўленне адносінаў на ўзроўні амбасадараў афіцыйныя Мінск і Вашынгтон заявілі ў верасні 2019 года. Тады Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хэйлам.
Амбасадарам ЗША ў нашай краіне, як паведамлялася раней, павінна стаць Джулі Фішар.
Акрамя таго, Лукашэнка прызначыў былога міністра фінансаў Максіма Ермаловіча амбасадарам у Вялікабрытаніі (па сумяшчальніцтве — у Паўночнай Ірландыі і Ірландыі), Паўла Уцюпіна — амбасадарам у Казахстан, Андрэя Дапкюнаса — у Аўстрыю і Славенію.
Перым намеснікам кіраўніка МЗС прызначаны Аляксандр Гур'янаў, намеснікам міністра стаў Сяргей Алейнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.