Севярынец: Мне адмовіліся сказаць, куды дакладна накіруюць на працу

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Павел Севярынец будзе адбываць "хімію" ў Віцебскай вобласці. Пра гэта яму паведамілі 8 жніўня ў аддзеле выканання пакаранняў Перашамайскага РАУС Віцебска. Нагадаем, што вясной Паўла Севярынца асудзілі па справе Плошчы на тры гады папраўчых прац.

Еўрарадыё паразмаўляла з Паўлам Севярынцам ды пацікавілася падрабязнасцямі сённяшняй гутаркі.
110808 Seviaryniec site.mp3
Севярынец: “Мяне запрасілі дзеля таго, каб прайсці ўсе працэдуры афармлення — адкаталі пальцы, зрабілі фатаздымак, запоўнілі анкету і паведамілі, што адбываць пакаранне я буду па Віцебскай вобласці. У Менску ўжо вырашылі, але паперы не прыйшлі. Мне адмовіліся сказаць, куды накіроўваюць канкрэтна. На працягу тыдня павінна быць вядома канкрэтная кропка”.

Еўрарадыё: Можа вы ведаеце, якія варыянты, куды вас могуць навіраваць. Ці ёсць верагоднасць, што накіруюць туды ж, дзе вы адбывалі "хімію" ў папярэдні раз?

Севярынец: “Кажуць, што снарад два разы ў адну варонку не падае, але ўсё можа быць... Можа быць Наваполацк, можа быць Полацк, Міёры, Расонскі раён, Плясціцы, можа быць некалькі кропак пад Віцебскам, але гэта менш верагодна, бо тут відавочна мэта — падалей ад хаты накіраваць”.

Еўрарадыё: Якога гэту кшталту будзе “хімія”, якая гэта будзе праца, ці пра гэта нешта казалі?

Севярынец: “Пра гэта нічога не казалі, але звычайна “хімікі” працуюць на даволі простых вытворчасцях, як лес у Малым Сітна, калгасы, будоўлі. Калі раней “хімія” — гэта была шкодная вытворчасць, то зараз гэта такая простая вытворчасць, звычайна звязаная з фізічнай працай”.

Еўрарадыё: Што вы плануеце рабіць, як вы будзеце адбываць гэтую “хімію”, магчыма, у планах ёсць новая кніга?

Севярынец: “Мне трэба дапісаць раман, гэтым у асноўным і буду займацца. Натуральна, што буду ліставацца, ужо зараз дастаткова шмат лістоў адтрымліваю і дасылаю палітвязням. Калі будзе магчымасць карыстацца мабільным тэлефонам, значыцца, будзе і інтэрнэт, тады пастараюся трохі і пісаць праз інтэрнэт, дапамагаць таксама ў партыйных справах сваім калегам. Зразумела, што асноўную частку часу будзе займаць праца, якая будзе знойдзена на той “хіміі”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі