Сезон абжорлівасці. Як усё паспрабаваць і не лопнуць на Новы год — парады
Новый год
Вы ўжо склалі меню навагодняга стала? Але відавочна не прыдумалі, як зрабіць так, каб зноў не пераесці. У нас ёсць для вас некалькі парадаў, якія зробяць раніцу 1 студзеня лягчэйшай.
Не галадайце, каб "пакінуць месца для бутэрбродзіка"
Ешце, калі вы галодныя, раіць перад святамі амерыканская фітнес-трэнерка Габрыэла Бостан.
"Распаўсюджаная памылка людзей — прапускаць прыёмы ежы ў чаканні вялікага стала", — кажа яна.
Гэта значыць, не трэба адмаўляцца ад сняданку і абеду, каб увечары ў чаканні віншаванняў ад Ціханоўскай або прагляду любімага серыяла з'есці ўсё, што гатавалі два дні. Вы будзеце адчуваць сябе дрэнна двойчы: таму што не паснедалі і таму што зноў пераелі ў Новы год.
Колькі калорый у вашым салаце?
Нью-Ёрк яшчэ 15 гадоў таму прыдумаў, як не пераядаць. Ад сетак кавярняў і рэстаранаў пачалі патрабаваць, каб яны паказвалі побач з назвай стравы яго каларыйнасць. Калі чалавек ведае, колькі менавіта калорый ён з'есць, выбраўшы гэты апетытны салат з маянэзам, то... магчыма, ён абярэ іншы.
Выконвайце абяцанні!
А іншае амерыканскае даследаванне паказала, што мы не надта схільныя трымацца дадзеных у Новы год абяцанняў! Вось успомніце, колькі разоў вы казалі сабе, што пачняце худнець 2 студзеня?
Аказалася, што каларыйнасць адной порцыі ў сярэдняга амерыканца ў святы вырастае на 440 калорый. І ён абяцае сабе, што ў новым годзе будзе харчавацца толькі брокалі! Але што ён робіць у новым годзе? У першыя тры месяцы каларыйнасць яго порцыі вырастае яшчэ больш — на 450 калорый!
"Жаданне харчавацца больш здаровай ежай шчырае. Дастаткова паглядзець на ўсплёск пакупак здаровых прадуктаў пасля святаў. Але аказалася, што замест таго, каб купляць зялёную фасолю замест бульбы фры, мы купляем і тое, і іншае!" — рэзюмуюць журналісты Washington Post.
Вядома, мы не амерыканцы, але вучыцца на іх памылках цалкам можам! Паабяцалі сабе ніякага маянэзу 2 студзеня? Трымайцеся!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.