Шансон у стылі “Голай манашкі” і сур’ёзныя песні ад Памідорава

“Усе вы, хто сёння прыйшоў сюды, можаце задаваць нейкія пытанні, пытацца пра тое, што вас цікавіць, а не толькі пра музыку, — кажа лідар “Голай манашкі” Фёдар Жывалеўскі, наладжваючы гітару. Гэтым вечарам яны з гітарыстам Васем Ярмоленкам граюць акустычны сэт.

 

У кавярні “Крылы”, што знаходзіцца ў мінскім ДК МТЗ, праходзіць чарговая творчая сустрэча ў межах кампаніі “Рок-салідарнасць”. Гэтым разам перад публікай выступаюць Фёдар Жывалеўскі ды Аляксандр Памідораў. У зале аншлаг — даводзіцца прыносіць крэслы з суседняга памяшкання, каб усе жадаючыя маглі змясціцца.

Атмасфера нечым нагадвае кватэрнік. Музыкі распавядаюць пра стварэнне песень, дзеляцца рознымі цікавымі гісторыямі, адказваюць на пытанні гледачоў. Федзя Жывалеўскі гартае старонкі ў вялікім сшытку з песнямі, выбірае песню з рэпертуару “Голай манашкі”, выконвае беларускамоўныя каверы песень Nirvana і ўласную нечаканую шансон-кампазіцыю “Азарэнне”. Гучаць і зусім рэдкія кампазіцыі.

 

 

“Мэта сённяшняга выступу — не толькі творчы вечар, — тлумачыць Фёдар. — Мы б таксама хацелі крыху ўзгадаць той беларускі рок, які быў напрыканцы 90-х — пачатку 2000-х. Таму з Васем вырашылі спець некалькі песень, якія даўно не гралі, і, па шчырасці, гэта было вельмі складана”.

Гучыць пытанне: калі будзе электрычны канцэрт? І хоць Федзя вельмі арганічна і гарманічна глядзіцца з акустычнай гітрай, філасофствуе і шмат разважае, Еўрарадыё таксама вельмі карціць паскакаць пад электрычную “Голую манашку”.

“З якога года мы граем? 3 2003-га?”, — пытаецца Федзя, звяртаючыся да Васіля. — І з тае пары я ўвесь час заўважаю такую сітуацыю, што беларускія музыкі не маюць магчымасці нармальна гучаць. Шкада, канешне. Калі вы лічыце, што гэта патрэбна і варта, не складана зрабіць электрычны канцэрт. Проста апошнім часам я больш люблю акустычныя фарматы, мне гэта здаецца больш актуальным”.

На развітанне Фёдар дзякуе ўсім прысутным і Богу ды дарыць кнігу дзяўчыне ў зале, якая ўвесь сэт “Манашкі” нерухома прасядзела, не зводзячы вачэй са сцэны.

Юля дзеліцца з Еўрарадыё эмоцыямі:

“Я даўно ведаю і люблю “Голую манашку”. Калісьці, падчас канцэртаў “Жывы гук ON-LINE”, я пазнаёмілася з гуртом “Мутнаевока”, а пасля даведалася, што да іх былі іншыя лідары гранж-сцэны — “Голая манашка”. Цяпер, на жаль, я іх рэдка слухаю, бо яны рэдка граюць. Ды і мае музычныя густы з часам мяняюцца. Але, натуральна, мне вельмі прыемна і кніжку я зберагу”.

За Федзем на сцэне з’яўляецца Аляксандр Памідораў. Музыка цікавіцца, ці ёсць “пажаданні, песні на замову і пытанні”, а пасля прыступае да свайго акустычнага сэту.

Аляксандр выконвае некаторыя новыя кампазіцыі, якія мусяць з’явіцца на наступным сінгле гурта Pomidor/off, шмат імправізуе, просіць гледачоў уключыць пачуццё гумару, распавядаючы пра герояў некаторых песень, ды шмат жартуе. Але агульны мажорны настрой канцэрта крыху змяняецца, калі ў зале настойліва просяць выканаць “Крывавае свята”.

 

 

“Калі вам вельмі хочацца пачуць “Крывавае свята”, я вам выканаю гэту песню. Але я не хацеў бы гэтага рабіць. Гэта будзе цяжар і для вас, і для мяне. Ды я гэтую песню сваёй не лічу. Яна напісаная мной, але напісаная па тым, што я ведаю, і па словах людзей, якія працавалі ў тую ноч у шпіталях ды тых, хто, на шчасце, выжыў”.

Заканчваецца сустрэча "Цудам на Каляды", якая робіць атмасферу святлейшай і лягчэйшай.

 

 

 

Наступная творчая сустрэча у межах праграмы “Рок-салідарнасць” пройдзе з Касяй Камоцкай. Даты імпрэзы вызначаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі