Шэсць супрацоўнікаў ДАІ Гродзеншчыны звольнілі пасля тэсту на паліграфе
Шэсць даішнікаў Гродзенскай вобласці страцілі працу пасля таго, як завалілі праверку на паліграфе. З імі папросту не працягнулі кантракт. Пра гэта піша "Вечерний Гродно" са спасылкай на начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзіма Сіняўскага.
Па яго словах, за мінулы год і пачатак гэтага на паліграфе праверылі 41 супрацоўніка ДАІ. Шэсць з іх абследаванне прайшлі дрэнна — гэта амаль 15%. Сіняўскі дадаў, што ДАІ — служба, найбольш схільная да карупцыі. Але супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі ён у гэтым не вінаваціць: "Не таму, што там супрацоўнікі дрэнныя, а таму што грамадзяне, якія здзяйсняюць адміністрацыйныя правапарушэнні, у мэтах сысці ад адказнасці прапануюць супрацоўніку грашовае або іншае ўзнагароджанне".
Галоўны міліцыянт вобласці паведаміў, што на паліграфе пакуль што правяраюць толькі тых даішнікаў, у каго заканчваецца тэрмін кантракту. Пры прыёме на працу кандыдаты праходзяць спецыяльную праверку, але пры неабходнасці можна прызначыць і паліграф.
Праверку на паліграфе ў МУС увялі ў чэрвені 2016 года з ініцыятывы міністра Ігара Шуневіча, але вядома пра гэта стала ў лістападзе. Нагодай для такіх праверак стала трагедыя ў Брэсцкай вобласці, дзе п'яны начальнік ДАІ на аўто насмерць збіў на пераходзе жанчыну.