Школьніца памерла, калі яе з Турава везлі на хуткай ў Жыткавічы
Следчы камітэт агучыў падрабязнасці трагічнага здарэння ў Тураве. 17 траўня там памерла 9-гадовая школьніца, якой стала кепска падчас масавага спартыўнага мерапрыемства. Дзяўчынку забрала хуткая, але выратаваць ёй жыццё лекары не змаглі. Міністэрства аховы здароўя праводзіць праверку.
Прэс-служба Следчага камітэта інфармуе ў Telegram, што лёгкаатлетычнае спартыўна-масавае мерапрыемства праходзіла ў пятніцу на тэрыторыі СШ № 2 Турава. Дзяўчынка бегла не стометроўку, як паведамлялася раней, а ўдзельнічала ў забегу на 500 метраў (адзначаецца, што да старту яна на здароўе не скардзілася). Ужо праз некалькі дзясяткаў метраў яна адчула сябе кепска і спынілася. Яе стан імкліва пагаршаўся, таму выклікалі хуткую дапамогу. Школьніцу завезлі ў мясцовую бальніцу, аказалі першую меддапамогу. Было прынята рашэнне везці яе ў Жыткавіцкую цэнтральную раённую бальніцу "у мэтах аказання кваліфікаванай дапамогі лекарамі вузкіх спецыяльнасцяў". У хуткай стан дзяўчынкі яшчэ пагоршыўся. Лекары праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але выратаваць дзіця не змаглі.
СК праводзіць праверку, ужо апытаныя настаўнікі, школьнікі, якія ўдзельнічалі ў забегу, прадстаўнікі адміністрацыі школы. Следчыя забралі ўсю меддакументацыю пра аказанне дапамогі школьніцы, прызначана судова-медыцынская экспертыза.