Што будзе, калі ўдарыць ахоўніка ў метро. У Мінску прайшоў паказальны суд

Што будзе, калі ўдарыць ахоўніка ў метро. У Мінску прайшоў паказальны суд

Раніцай 17 траўня на станцыі метро "Уручча" ў Мінску здараецца невялікі скандал. На станцыю забягае ўзбуджаная жанчына з торбамі, хутка набывае жэтончык, кідае яго ў шчыліну турнікета і збіраецца бегчы на платформу да цягніка. Але не бяжыць, бо яе за сумку трымае ахоўнік. Трымае і просіць прайсці на дагляд. Паміж імі ўзнікае спрэчка, жанчына беспаспяхова вырываецца, потым б'е ахоўніка па твары. Той выклікае напарніка, потым міліцыянта. Усе разам яны ідуць у пастарунак.

Гэта ўсё, што можна ўбачыць на відэа з камер назірання, усталяваных у фае станцыі "Уручча". Падрабязнасці ўсплываюць падчас адкрытага выязнога судовага паседжання. Яго праводзяць у будынку дэпо метрапалітэна. Запрашаюць журналістаў. Абвінавачаная такога павароту яўна не чакае і нават нейкі час адмаўляецца заходзіць у залу. Маўляў, не хачу, каб мяне фатаграфавалі. Фатографы неахвотна падпарадкоўваюцца. Пачынаецца працэс.

Што будзе, калі ўдарыць ахоўніка ў метро. У Мінску прайшоў паказальны суд
Абвінавачаная моцна не хацела фатаграфавацца.

"Я ж жанчына!"

"Гэта раніцай было. Маршрутка не спынілася. Кіроўца джыпа мяне з Жодзіна ў Мінск прывёз. Яшчэ ў Смалявічы заязджаў. Я спазнялася... У 12.06 едзе аўтобус на выставу народных промыслаў... Я не заходзіла на станцыю, я заляцела на яе. Везла замову замежным турыстам... Я творчая асоба. Мяне схапілі, спынілі. Далей я ўжо не пайшла. Лялька на падлогу з торбы ў мяне вылецела. Я раблю гэтыя лялькі. Этнічныя. Магчыма, ён і звяртаўся да мяне, прасіў прайсці на дагляд, але я зашыфраваная ўжо была. Мне трэба было прывезці гэтую ляльку заказчыку. Гэта мой адзіны прыбытак. Калі мой поезд сышоў, то я прасіла адпусціць ручкі сумак. А ён цягне. Я ж жанчына. Убачыла адну ляльку на зямлі. Сказала яму ― падыміце. Ён адказаў, што гэта смецце. Я не сцярпела. Ён маю ляльку абразіў, я яго ўдарыла. Потым міліцыянер падышоў і таксама сказаў, што гэта смецце. А ахоўнік пачаў змятаць ляльку ў смецце. Я яшчэ раз яго ўдарыла. Ён атрымаў за культуру Беларусі!" ― расказвае пра свае прыгоды абвінавачаная жыхарка Жодзіна, ураджэнка Омскай вобласці Валянціна Ганчар.

"Вы шкадуеце пра здзейсненае?" ― пытае ў абвінавачанай суддзя Папко. "Я ў метро баюся заходзіць. Так, я вінаватая. Я не павінна была наносіць яму аплявухі. Але мяне можна зразумець, я ж жанчына!" ― адказвае Ганчар. І дадае: "Я не супраць была, каб мяне праверылі. Але я хацела, каб мяне адпусцілі".

Ілюструючы свае паказанні, Валянціна Ганчар кідае на падлогу імправізаванай судовай залы адну са сваіх лялек. На суд жанчына прыйшла з тымі самымі сумкамі, якія выклікалі падазрэнне ў аховы станцыі "Уручча".

Што будзе, калі ўдарыць ахоўніка ў метро. У Мінску прайшоў паказальны суд
Паглядзець на працэс прыйшло каля ста супрацоўнікаў метрапалітэна.

"Яна хлусіць проста падчас суда"

Далей паказанні дае пацярпелы ― інспектар службы бяспекі метрапалітэна Сяргей Карачэня, высокі мужчына гадоў пяцідзесяці.

"Дадзеная грамадзянка зайшла ў вестыбюль хуткім крокам. Набыла жэтон. Затым пайшла да турнікета. Паводзіла сябе падазрона. Ішла вельмі хутка. Я яе затрымаў. Яна мне адказала матам. У грубай форме. Маўляў, яна тут пастаянна ходзіць і яе ніхто не затрымлівае. Абразіла мяне, вырывалася на платформу. Я магу вам тут паўтарыць, што яна сказала. Не трэба? Раз дзесяць я яе прасіў прайсці на дагляд. Яшчэ нават яе цягніка не было ля платформы, яна паспявала. А яна мне кажа: "Вас, беларусаў, ракам паставілі на калені. А нас, расіян, не змогуць". Крыўдна было. Паўтарала мне ўсё, што яна жанчына. Я адказваў, што яна таксама і пасажыр. Потым ударыла мяне. Кажу: "Вы што робіце? Я нават жонцы сваёй не дазваляю такога". Яна зноў. Выклікаў міліцыянера. Яна пры міліцыянеры яшчэ раз мяне ў твар ударыла... Яна цяпер хлусіць. Хлусіць проста ў зале суда. У мяне да яе асабістых прэтэнзій няма", ― расказвае пацярпелы.

Што будзе, калі ўдарыць ахоўніка ў метро. У Мінску прайшоў паказальны суд
Пракурор лічыць віну абвінавачанай поўнасцю даказанай.

Прыгавор

Суддзя спрабуе выклікаць сведак ― яшчэ дваіх супрацоўнікаў метрапалітэна і міліцыянта. Нечакана аказваецца, што ўсе яны ўвесь гэты час прысутнічаюць у зале. "Опа", ― кажа суддзя Папко. І паведамляе, што сведак суд ўсё ж выслухае, але зробіць высновы з іх прысутнасці падчас пачатку працэсу.

Паказанні сведак агулам паўтараюць словы пацярпелага ахоўніка. Яны сыходзяцца на тым, што той дзейнічаў асцярожна і ветліва, а абвінавачаная паводзілася падкрэслена груба. Міліцыянт таксама расказвае, што яна ў рэшце рэшт папрасіла прабачэння ў пацярпелага. Праз некалькі гадзін у пакоі міліцыі.

"Прашу пакараць абвінавачаную ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 366 КК РБ... Лічу, што факт прымянення гвалту ў дачыненні да службовай асобы даказаны", ― выказваецца пракурор Мануілаў. Просіць пакараць Валянціну Ганчар двума гадамі пазбаўлення волі з двума гадамі адтэрміноўкі, сто гадзін грамадскіх прац і сто базавых велічыняў штрафу. "Разглядаем сёння прыгавор, не звязаны з тэрарыстычнай пагрозай. Прашу прызначыць мінімальна магчымы штраф ― дзесяць базавых велічыняў", ― пярэчыць пракурору адвакат.

Суддзя сыходзіць на 15 хвілін. Вярнуўшыся, абвяшчае: "Адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на адзін год, сто гадзін грамадскіх прац і пяцьдзясят базавых штрафу. 1050 рублёў новымі".

"Што гэта значыць?" ― пытаецца абвінавачаная ў адваката. "Не хвалюйцеся, вас не пасадзяць", ― адказвае тая.

 

"Выхаванне цярплівасці, тактоўнасці і вытрымкі"

"Сёння вы прысутнічалі на выязным судовым паседжанні. Мэтай якога з'яўляецца не толькі прафілактыка падобных парушэнняў, але і жаданне нагадаць людзям пра тыя драматычныя падзеі, якія мелі месца ў красавіку 2011 года. А таксама пра тыя падзеі, якія адбываюцца сёння за межамі нашай краіны. Узнікае неабходнасць выхавання ў кожным чалавеку такіх якасцяў, як цярплівасць, тактоўнасць і вытрымка. Законапаслухмянасць і правасвядомасць, уважлівасць. Усяго таго, што з'яўляецца асновай нашай з вамі бяспекі", ― тлумачыць журналістам старшыня суда Першамайскага раёна Мінска Тамара Высоцкая неабходнасць такога публічнага разгляду нязначнай сутычкі ў метро.

Вяртаючыся ў рэдакцыю на метро, паказваць змесціва цяжкога заплечніка ахоўніку іду добраахвотна і амаль з усмешкай. На ўсякі выпадак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі