Што гаварылі кандыдаты пасля ўручэння пасведчанняў

Што гаварылі кандыдаты пасля ўручэння пасведчанняў

Першыя публічныя выступы кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2015 года адбыліся адразу пасля ўручэння пасведчанняў. Некаторыя відавочна хваляваліся, але адмаўляцца ад трыбуны не стаў ніхто. Цытуем найбольш цікавыя ўрыўкі з кароткіх выступаў палітыкаў.

 

Таццяна Караткевіч

 

Кандыдат ад кампаніі “Гавары праўду” атрымала пасведчанне першай — Лідзія Ярмошына сказала, што выдаваць корачкі трэба ў тым парадку, у якім падаваліся дакументы на рэгістрацыю. Прамаўляла Караткевіч даўжэй за ўсіх — паўтары хвіліны. Пачынала нясмела, пра дэмакратыю, перамены і мір. Але потым разышлася і нават заклікала Аляксандра Лукашэнку адпачыць:

 

“Нам патрэбныя новыя ідэі, нам патрэбныя новыя метады. Лукашэнка сёння стаміўся. Яму трэба адпачыць. Так будзе лепш для ўсіх. Мірныя перамены, толькі так!”

 

Два чалавекі нават пачалі пляскаць у ладкі. Праўда, даволі жыдзенька.

 

Сяргей Гайдукевіч

 

Гайдукевіч у ЦВК на рэгістарцыю кандыдатаў прыйшоў з сынам (ён выконвае абавязкі кіраўніка штаба), звонку чакалі аднапартыйцы са сцягамі. Гаварыў пасля атрымання пасведчання няшмат (што рэдкасць), але пры гэтым ажно свяціўся ад задавальнення.

 

“Я ведаю, што мяне ў Беларусі падтрымлівае аграмадная колькасць людзей. Гэта добра! Бо я за моцную Беларусь! Дэмакратычную, суверэнную, каб над нашай краінай было мірнае неба. Каб мы жылі ў спакоі, міры і згодзе, дарагія грамадзяне!”

 

Гаварыў Гайдукевіч яшчэ пра сваю партыю (найлепшую і самую моцную) ды ізноў пра мір (агульны для ўсіх кандыдатаў трэнд на гэтых выбарах). Апладысментаў, нягледзячы на эмацыйнасць прамовы, не дачакаўся.

 

Мікалай Улаховіч

 

Ад з’яўлення казачага атамана у ЦВК шмат хто чакаў як мінімум шоў. Калі не з конямі і шаблямі, то хаця б з казачым мундзірам. Аднак замест шоў выйшаў невялікі канфуз — Улаховіч падарваўся са стула па пасведчанне яшчэ да таго, як сябры ЦВК прагаласавалі за яго кандыдатуру. Падарваўся, але да стала з корачкамі не дайшоў — на паўдарозе быў спынены жалезнай Лідзіяй Міхайлаўнай. Відаць, таму прамова атрымалася крыху пакамечанай. Гаварыў Мікалай Улаховіч у асноўным пра тое, што зможа кіраваць дзяржавай.

 

“Працаваў і кіраваў я дастаткова. Таму я як кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь спадзяюся, што змагу прынесці карысць Радзіме. Тым больш што на сённяшні дзень не такая ўжо і простая ў нас абстаноўка”.

 

У чым заключаецца складанасць абстаноўкі, кандыдат-казак не ўдакладніў. Ну і ладна.

 

Аляксандр Лукашэнка

 

Дзейны кіраўнік краіны замест нуднай працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў абраў таварыства найлепшай біятланісткі свету Дар’і Домрачавай. Лукашэнку можна зразумець — з Домрачавай шмат хто хацеў бы гарбаты выпіць. Замест Рыгоравіча ў ЦВК прыйшоў кіраўнік яго штаба Міхаіл Арда. Трымаўся сціпла, гаварыў мала і ў асноўным пра тое, які ў нас харошы кіраўнік краіны:

 

“Людзі разумеюць, што вырашаецца лёс краіны. Кандыдатуры Аляксандра Рыгоравіча аказаная, шляхам збору вялікай колькасці подпісаў, беспрэцэдэнтная падтрымка. Людзі падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, паставілі свае подпісы за яго як за мудрага і моцнага палітыка”.

 

Скончыўшы прамову, Арда спрабаваў адразу ўцячы, аднак быў узяты ў аблогу ля выхада журналістамі і даведзены некаторымі з іх да эмацыйных выпадаў. Няпроста гэта — прадстаўляць Лукашэнку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі