Што глядзець на "Лістападзе" ― парады ад беларускіх кінаспецыялістаў
6 лістапада ў Мінску стартуе XXII Міжнародны кінафестываль "Лістапад". Паколькі паглядзець усе фільмы, якія прапануе фестываль, фізічна немагчыма, Еўрарадыё звярнулася да экспертаў у галіне кіно з просьбай даць рэкамендацыі нашым слухачам, якія фільмы, на іх погляд, варта не прапусціць.
Парады ад аўтара "Розыгрышу" і "Масакры" рэжысёра Андрэя Кудзіненкі:
“Каханне” Гаспара Ноэ
“Мілы Ханс, Дарагі Пётр” Аляксандра Міндадзэ
“Маладосць” Паола Сарэнціна
“Краіна Оз” Васіля Сігарава
“Франкафонія” Аляксандра Сакурава
"Хранопаль" Андрэя Кудзіненкі
"Гараш" Андрэя Курэйчыка
Увогуле Андрэя Кудзіненку радуе сёлетняя праграма "Нацыянальнага конкурсу", у якім, у тым ліку, бярэ ўдзел і яго псіхадэлічны "твітар-серыял" "Хранопаль". Натуральна, што Кудзіненка чакае гледачоў на прэм'еру свайго праекта, а таксама раіць не прапусціць "Гараш" Андрэя Курэйчыка і фільмы (іх тры) 21-гадовага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага. Сярод гульнявых карцін фестывалю Андрэй адзначае стужкі, "якія прагучалі і якія ўсе чакаюць".
""Каханне" Гаспара Ноэ, забаронены ў суседняй краіне цемрашаламі, ― пералічвае рэжысёр "Розыгрышу" і "Масакры". ― Зноў жа, фільм "Мілы Ханс, Дарагі Пётр" Аляксандра Міндадзэ, які таксама пацярпеў ад расійскага Мінкульта. Я вельмі чакаю гэты фільм, бо Міндадзэ, адзін з найлепшых у свеце сцэнарыстаў, стаў яшчэ і вельмі цікавым рэжысёрам, што рэдка бывае. Таксама я чакаю фільм "Маладосць" Паола Сарэнціна, сімвалічны працяг яго "Вялікай прыгажосці". Абавязкова трэба паглядзець гратэскна-чарнушны фільм Васіля Сігарава "Краіна Оз", хоць я яго не вельмі люблю, і "Франкафонію" Аляксандра Сакурава ― гэта парафраз самага камерцыйна паспяховага яго праекта "Эрмітаж", знятага адным планам. У Сакурава бываюць правалы, а бываюць вельмі цікавыя фільмы. Але галоўнае, што ён заўсёды новы".
Парады ад аднаго з арганізатараў актуальнага кіна-праекта Cinemascope Георгія Гліка
"Забаронены пакой" Гая Мэдзіна
"Аэліта" Якава Пратазанава
"Маладосць" Паола Сарэнціна
Абдымкі змяі" Сіра Гера
"Забойца" Хоў Сяосянь
"Бараны" Грымюра Хаўканарсана
"Каханне" Гаспара Ноэ
Георгій Глік папярэджвае, у яго топе фільмаў "Лістапада" ёсць такія, якія глядач можа да канца не даглядзець і пакінуць сеанс заўчасна, і пачынае свой "кінагід" з карціны "Забаронены пакой" канадскага рэжысёра Гая Мэдзіна, які здымае свае стужкі на "лічбу", а потым стылізуе іх пад старое нямое кіно. Да таго ж, распавядае Георгій, фільм уяўляе сабой "кінаэнцыклапедыю": убірае ў сябе адсылкі і фрагменты іншых стужак, якія былі знятыя раней, і якія можна падчас прагляду разгадваць. Другі фільм, які адзначае Георгій (дарэчы, ён паглядзеў усе фільмы, пра якія распавядае), ― рэтраспектыўны паказ фільма 1924 года рэжысёра Якава Пратазанава "Аэліта" ― экранізацыя фантастычнага рамана Аляксея Талстога, які "глядзіцца з лёгкай усмешкай".
"Мне сімпатычны фільм Паола Сарэнціна "Маладосць", ― працягвае Георгій Глік. ― Я б не сказаў, што гэта працяг "Вялікай прыгажосці", больш лёгкай і паветранай. "Маладосць" ― фільм пра двух вельмі пажылых творчых людзей, пра іх узаемаадносіны і адносіны са светам. У ім вельмі шмат недаказанасці, вельмі добрыя дыялогі, кароткія, ёмкія, падобныя да зборніка вельмі асабістых цытат ці афарызмаў. Цікавы фільм, хаця, думаю, што масавага поспеху ў яго не будзе".
Таксама Георгій Глік рэкамендуе стужку "Абдымкі змяі" калумбійца Сіра Гера, якая будзе зразумелая аматарам экзатычнага кіно рэжысёра Вернера Херцага, "Забойцу" тайванца Хоў Сяосянь, "Баранаў" ісландца Грымюра Хаўканарсана і "Каханне" Гаспара Ноэ, якое яшчэ не бачыў, але набыў квіток на сеанс.
Разбор "Лістапада" ад кіназнаўцы Наталлі Агафонавай
У фаварытах фільмы Мікіты Лаўрэцкага і Андрэя Куцілы
Кіназнаўца і кінакрытык Наталля Агафонава хваліць "Лістапад" апошніх гадоў. Адметнасцю сёлетняга фестывалю яна лічыць "Нацыянальны конкурс" і яго моцную праграму: там сапраўды ёсць, што глядзець.
"Нягледзячы на тое, што ў конкурс трапілі фільм Андрэя Курэйчыка і праект Андрэя Кудзіненкі, вядомых рэжысёраў, я б хацела, каб глядач з увагай паставіўся да фільмаў Мікіты Лаўрэцкага, юнака-аматара, які прадставіць дзве стужкі кароткага метра "Паэзія" і "American Boy" і поўнаметражку "Беларускі псіхапат". Па стылістыцы Лаўрэцкі мне нагадвае ранняга Джыма Джармуша. У яго працах ёсць абсалютнае адчуванне ўнутрыкадравай прасторы і абсалютна ўнікальнае адчуванне рытму ― тое, што я лічу галоўным у кінамастацтве і тое, чаго не хапае ў пераважнай большасці нашым беларускім рэжысёрам. Другое прозвішча ― гэта Андрэй Куціла і яго дакументальны фільм "Госці". Куціла, хоць пакуль зняў і не шмат карцін, гэта майстар, які цалкам склаўся. Ён цалкам дакладна выбудоўвае драматургію сваіх доўгіх поўнаметражных фільмаў і таксама валодае абсалютным пачуццём рытму. Гэтыя два прозвішчы павінны стаць адкрыццём фестывалю".
Сярод беларускіх рэжысёраў-аніматараў Агафонава раіць запомніць прозвішчы Таццяны Кубліцкай, Яўгена Надтачэя і Максіма Лушчыка ― іх працы прадстаўленыя таксама ў "Нацыянальным конкурсе".
Увогуле, Агафонава кажа, што на месцы гледачоў яна б звярнула ўвагу менавіта на дакументальнае кіно, прадстаўленае на "Лістападзе". Прынамсі, слухачам Еўрарадыё, мяркуе кінакрытык, павінны быць цікавыя рубрыкі "Лепшае" і "Музыкадок" а таксама адзіны сёлета грузінскі фільм Ніно Кертадзэ "Дыхаць":
"Сёння ігравое кіно ўсімі спосабамі спрабуе стылістычна наблізіцца да аўтэнтычнай рэчаіснасці, але ніхто не можа гэтага зрабіць лепш, чым дакументалісты. Тут рэальныя, звычайныя людзі, якія сёння, што вялікі плюс, у параўнанні з дакументалістыкай мінулага стагоддзя, не баяцца камеры, не баяцца быць зафіксаванымі на відэа. У іх знік эфект артызацыі ― прыкідвацца, выглядаць лепшым. Яны застаюцца перад камерай натуральнымі. І гэта вельмі цікава, бо нічога нельга выдумаць больш драматычнага, камічнага, трагедыйнага, чым выдумляе само жыццё".
Яшчэ адной адметнасцю сёлетняга "Лістапада" Наталля Агафонава называе пазаконкурсную праграму ігравога кіно. Сярод яе фільмаў-фаварытаў ― "Голуб сядзеў на галінцы, разважаючы пра быццё" шведскага рэжысёра Роя Андэрсана, які "ў адной асобе ўяўляе сабой новую хвалю шведскага кіно" і здымае камедыі па-шведску (што ўвогуле не ўласціва для шведскага кінамастацтва).
Таксама ў спісе цікавых стужак у Агафонавай значацца "Аргентына" Карласа Саўра, "Пастка" Брыянтэ Мендосы, "Шнайдар супраць Бакса" Алекса ван Вармердама, "Цела" Малгажаты Шумоўскай, "45 гадоў" Эндру Хэя з Шарлотай Рэмплінг у галоўнай ролі і "Вераб'і" Рунара Рунарсана. Увогуле, Наталля заклікае гледачоў звяртаць увагу на фільмы вытворчасці "Ісландыя-Данія" і ісці на іх, не зважаючы нават на прозвішча рэжысёра, бо ў апошні час кінашкола выдае вельмі моцныя карціны.
У асноўным конкурсе ігравога кіно Наталля адзначае стужку "Дэман" Марціна Вроны, "Скарб" Карнеліу Парумбою, "Урок" Крысціны Грозевай і Петэра Вылчанава і "Краіну Оз" Васіля Сігарава:
"Сігараў займаецца вынаходніцтвам ровара ў кіно: стварае фільмы, быццам да яго нічога ў кіно не было, нават падкрэслівае і акцэнтуе той факт, што не ведае сусветнага кінамастацтва. Але гэты дзіўны метад, які звычайна ні да чаго цікавага не прыводзіць, прыводзіць Сігарава да цікавага выніку".
Праграма конкурсу "Маладосць на маршы", паводле Агафонавай, гэта эксклюзіўнае кіно, знятае пачаткоўцамі, якое пасля фестывалю немагчыма нідзе паглядзець: яго амаль не публікуюць у інтэрнэце і не круцяць у пракаце. У сёлетнім конкурсе кіназнаўца раіць паглядзець ісландска-дацкі фільм "Бараны" Грымюра Хаўканарсана, "Гвалт" калумбійца Хорхе Фарэра і "Выбраннік" японца Іціра Ямамота.
Пазнаёміцца з праграмай фестывалю і раскладам паказаў можна на сайце listapad.com.
Загалоўнае фота: www.mfm.it, sputnik.by, www.stanforddaily.com і сацыяльных сетак